Эксперты: Хутчэй за ўсё, вінаватых у тэракце расстраляюць


Выбух у метро перашкодзіць адмене смяротнай кары ў Беларусі, лічыць праваабаронца Алег Гулак. Эксперты схіляюцца да думкі, што пракурор запатрабуе самага жорсткага пакарання для абвінавачаных.

Як паведамляла Генпракуратура, судовы працэс мае распачацца ў сярэдзіне жніўня. Яшчэ на пачатку расследавання ўлады на чале з Лукашэнкам абяцалі зрабіць следства як мага больш празрыстым. І першыя два тыдні Генпракуратура сумесна з МУС і КДБ сапраўды давала справаздачы паводле кожнага выяўленага факту. Але чым далей ішло расследаванне, тым больш закрытым яно было для грамадскасці. Нават бацькі абвінавачаных Канавалава і Кавалёва скардзіліся праваабаронцам і журналістам, што не ведаюць, у якім стане іхныя дзеці. Забаранялі сустрэчы і з адвакатамі.

Юрыстка Святлана Шлома мяркуе, што пракурор запатрабуе для абвінавачаных максімальнае пакаранне – расстрэл. “Як сведчаць апошнія выпадкі вынясення судовых рашэнняў, забойства групы людзей караецца вельмі жорстка. У выпадку з метро мы маем яшчэ грамадскую цікавасць, якую падаграваюць прапагандысцкія заявы – што вінаватых трэба пакараць гэтак, каб больш ніхто не наважыўся на падобнае забойства”.

Праваабаронца і юрыст Алег Гулак лічыць, што гэтая справа сапраўды не паспрыяе адмене смяротнай кары ў Беларусі. Нагадаем, што цягам двух гадоў у краіне праходзіць акцыя “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.

“Навукова даказана, што існаванне смяротнага пакарання ў краіне не змяншае колькасці злачынстваў. З гэтым пагаджаюцца нават беларускія псіхолагі, што працуюць у сістэме МУС, – а таму важна распаўсюджваць пра гэта звесткі. Тады чалавек, які заяўляе, што трэба расстраляць злачынцаў, каб яны ведалі, што не застануцца беспакаранымі, зменіць меркаванне. Справядлівасць вынясення прысуду – вельмі суб’ектыўная рэч. І, на жаль, беларуская сістэма ўсё часцей дэманструе судовыя памылкі”, – кажа эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары