Беларускі эканамічны цуд: капусту танней выкінуць, чым прадаць


На Піншчыне ўраджай капусты вывозяць на сметнікі. Летась закупачная цана на яе была 1600 руб., сёлета – 200.

«Яна парасла вельмі вялікая, ды ніхто яе не хоча. А за 100–200 рублёў неяк няма жадання здаваць яе зусім», – распавядае Аляксандр Якшук, жыхар вёскі Альшаны Пінскага раёну.

Летась, як паведамляла інфармацыйнае агенцтва БелТА, кошты на сельскагаспадарчую і дзікарослую прадукцыю «дынамічныя і свабодна фармуюцца закупачнымі арганізацыямі з улікам кан’юнктуры рынку». На капусту яны маюць складаць ад 500 да 5000 руб.

4 жніўня Міністэрства сельскай гаспадаркі павысіла ў 1,3–2 разы крайнія мінімальныя кошты на гародніну і крупы ўраджаю 2011 г., але толькі тыя, што закупаюцца для дзяржаўных патрэбаў. Сярод іх – ячмень і цукровыя буракі (на 67 %), грэчка (на 68 %), насенне рапсу (на 100 %), фуражны ячмень, жыта, трыцікале, пшаніца, авёс, проса, гарох і кіяхі (на 30 %).

Пакуль у рэгіёнах ураджай гніе, на гарадскіх рынках кошты на садавіну і гародніну растуць як на дражджах. Хоць павышэнне закупных коштаў магло б змяніць сітуацыю.

«Праз сістэму закупак дзяржава магла б трошкі зменшыць коштавы прэс на спажыўца. На жаль, ніхто гэтым не займаецца, – гаворыць эканаміст Пётр Мігурскі. – Калі кожную праблему ў Беларусі ў аграрным сектары пазначыць малым такім агеньчыкам, мы пабачым, што палае ўся рэспубліка: у Століне ранняя капуста, у Шклове – гуркі, у Быхаве – закуп кабачкоў…»

belsat.eu

Стужка навінаў