Літоўскі след у справе Бяляцкага (Абноўлена)


Інфармацыю пра рахункі Алеся Бяляцкага беларускім уладам перадало Міністэрства юстыцыі Літвы. Пра гэта паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч на прэсавай канферэнцыі ў Вільні.

Паводле яго, напрыканцы чэрвеня падаткавая інспекцыя прад’явіла Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі пра сродкі, якія паступілі ад замежных арганізаыяў на ягоны рахунак у літоўскім банку Nord. Падаткавікі палічылі гэтыя сродкі ўтоеным прыбыткам. На пачатку чэрвеня такі ж акт, але са звесткамі ад літоўскага банку SEB прад’явілі самому Стэфановічу.

Супрацоўнікі падаткавай інспекцыі патлумачылі беларускім праваабаронцам, што банкаўскія звесткі ім прадставіла Міністэрства юстыцыі Літвы ў рамках дзеючай з Беларуссю дамовы.

Сума, якую знайшлі на рахунку Стэфановіча, не была такой значнай, каб можна было ўзбудзіць крымінальную справу. “Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, – заявіў Стэфановіч. – Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці прыбытку”. Ён падкрэсліў, што беларускія праваабронцы за гады сваёй дзейнасці дапамаглі тысячам грамадзянаў, чые правы былі парушаны.

Стэфановіч звязвае арышт Бяляцкага з ягонай праваабарончай дзейнасцю, а таксама з тым, што ён выступаў за ўвядзенне санкцыяў Еўразвязу ў адносінах Беларусі.

4 жніўня Алеся Бяляцкага ўзялі пад варту пасля допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю (КДК). Паводле наяўнай інфармацыі, Бяляцкага затрымалі на тры дні ў якасці падазраванага паводле справы, распачатай на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. КДК сітуацыі не каментуе.

Як піша «Наша Ніва», «Вясна» дапамагла тысячам рэпрэсаваных і палітвязняў заплаціць штрафы і наняць адвакатаў. Беларускае заканадаўства не дае легальнай магчымасці атрымліваць грошы для такой дзейнасці, таму Бяляцкі выкарыстоўваў для гэтага рахунак у Літве.

4 жніўня журналіст Мікалай Халезін абвінаваціў у сваім блогу улады Літвы ў тым, што яны выдалі афіцыйнаму Менску рахункі «Вясны». Прэс-сакратар літоўскага МЗС Міндаўгас Лашас заявіў, што Літва не брала ўдзелу ў рассакрэчванні банкаўскіх рахункаў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Міністэрства замежных справаў Літвы выказала «рашучы пратэст супраць затрымання кіраўніка беларускай няўрадавай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага і дзеянняў, скіраваных супраць праваабарончай арганізацыі, якую ён узначальвае». «Літва разам з партнёрамі ў ЕЗ будзе ажыццяўляць далейшыя крокі для вызвалення палітзняволеных у Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце літоўскага МЗС.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары