Ірына Крыловіч: Павышэнне тарыфаў ЖКГ – далёка не апошняе


Чарговы раз кошты на камунальныя паслугі могуць вырасці ўжо ў верасні.

Эканамічная аглядальніца Ірына Крыловіч звяртае ўвагу на тое, што Беларусь абавязвалася павысіць тарыфы на камунальныя паслугі і праезд у транспарце яшчэ мінулым летам – у рамках атрыманага крэдыту МВФ. Але з увагі на выбары гэта не было зроблена. Такім чынам, краіна не выканала ўмоваў нават у рамках папярэдняга крэдыту.

Цяпер Беларусь звязаная іншымі абавязальніцтвамі – у рамках Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Згодна з імі, дэфіцыт бюджэту мусіць заставацца ў межах 1,5 % (то бок дэфіцыт трэба знізіць амаль удвая). Што ж датычыць МВФ, дык тут умовы яшчэ больш жорсткія: бюджэт мае быць без дэфіцыту.

«Я не выключаю, што, магчыма, нават ужо ў верасні мы чарговую прыступку пройдзем у росце тарыфаў, каб ужо ў кастрычніку плаціць за ацяпленне па новых расцэнках. Або ў лістападзе можа быць яшчэ адно павышэнне», – мяркуе Ірына Крыловіч.

Ці ёсць павышэнне наступствам рэформаў? «Ну вядома ж, не. Рэформы ў галіне ЖКГ паводле плану мусілі пачацца ў мінулай пяцігодцы. Зроблена нічога не было», – зазначае эксперт.

Агульны аб’ём крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС складзе 3 млрд долараў ЗША, паступленне сродкаў будзе ажыццяўляцца траншамі цягам трох гадоў. Сума крэдыту сёлета складзе 1,24 млрд долараў. Рэшту сродкаў выдзяляць роўнымі траншамі двойчы на год цягам 2012–2013 гг.

31 траўня ўлады Беларусі звярнуліся ў МВФ з просьбаю пра вылучэнне крэдыту памерам 3–7,5 млрд долараў на 3–5 гадоў. На пачатку чэрвеня ў Менску працавала місія постпраграмнага маніторынгу, якая прапанавала ўраду і Нацбанку падрыхтаваць і апублікаваць праграму выйсця з крызісу, а таксама захады структурных зменаў у эканоміцы.

belsat.eu

Стужка навінаў