Бяляцкага ўзялі пад варту, яму пагражае 7 гадоў турмы


Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” затрыманы на трое дзён у якасці падазронага па крымінальнай справе, распачатай на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад уплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Пра гэта паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка. Паводле яе, кіраўнік “Вясны” будзе знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі затрыманы 4 жніўня ў раёне плошчы Перамогі прыблізна ў 17.00. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць Таццяне Равяка. Прыкладна праз паўгадзіны яго прывезлі дахаты, дзе знаходзілася ягоная жонка, пачаўся ператрус.

Увечары 4 жніўня яго даставілі ў Дэпартамент фінансавых расследванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю пасля завяршэння вобыску ў офісе “Вясны”, які размешчаны па праспекце Незалежнасці, 78а. На частку маёмасці, што знаходзілася ў офісе, быў накладзены арышт. З кватэры Бяляцкага, дзе пеартрус прайшоў раней, забралі камп’ютэр. Допыт у ДФР прайшоў у прысутнасці адваката Бяляцкага Дзмітрыя Лаеўскага.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які ўзначальвае Бяляцкі, дзейнічае з 1998 года. У 1999 годзе ён быў зарэгістраваны як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне. У кастрычніку 2003 года “Вясну” ліквідавалі рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай ліквідацыі стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. У сакавіку 2004 года цэнтр “Вясна” быў прыняты ў склад Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы тройчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова.

belsat.eu

Стужка навінаў