Зміцер Бандарэнка: улады чакаюць высноваў экспертаў з АБСЕ


Праверку па факце гібелі журналіста Алега Бябеніна пракуратура Менскай вобласці мае намер працягнуць яшчэ на месяц. Як паведаміла старшы памочнік пракурора Таццяна Калініна БелаПАНу, адпаведнае рашэнне прымуць 2 ці 3 лістапада.

Падставаў для гэткага рашэння пракуратура не тлумачыць. Памочнік пракурора толькі паведаміла, што гэта не звязана з працай экспертаў АБСЕ ў Менску.

Між тым сябар загінулага журналіста, каардынатар “Хартыі’97” Зміцер Бандарэнка ўпэўнены ў адваротным.

“Улады баяцца зрабіць самастойныя высновы, таму чакаюць справаздачы экспертаў АБСЕ. Калі яна будзе на карысць улады, то справу аўтаматычна спыняць”, – лічыць Зміцер Бандарэнка.

Каардынатар “Хартыі’97” упэўнены, што калі б улады імкнуліся правесці сапраўды аб’ектыўнае расследаванне, то яны б распачалі крымінальную справу па факце гібелі журналіста і адпрацоўвалі б усе версіі здарэння. Але яшчэ да заканчэння судмедэкспертызы была агучаная версія – самагубства, якой дагэтуль і трымаецца пракуратура, падкрэслівае актывіст.

Дзмітрый Бандарэнка паведаміў, што на гэтым ён акцэнтаваў увагу і падчас сустрэчы з еўрапейскімі экспертамі.

Адмыслоўцы са Швецыі ды Нарвегіі заставаліся ў Менску з 25 па 29 кастрычніка. Спецыялісты азнаёміліся з матэрыяламі справы аб гібелі Алега Бябеніна, пабылі на месцы здарэння, а таксама правялі шэраг сустрэчаў, у тым ліку і з сябрамі загінулага. Калі эксперты агучаць свае высновы, пакуль невядома.

belsat.eu

Стужка навінаў