«Беларусбанк» пералічвае грошы будаўнікам са спазненнем


Выплаты ў ільготным крэдытаванні змяншаюцца кожны месяц.

Як паведаміў “Белсату” кліент банку Дзяніс Стасевіч, учора яму прапанавалі падпісаць дадатковае пагадненне, якое б дазволіла “Беларусбанку” не выконваць сваіх абавязкаў. “Год таму мы падпісалі дамову на крэдыт для пабудовы жытла пад 5 % гадавых. Паводле гэтай дамовы, банк, як і я, мусіць штомесяц пералічваць грошы на рахунак забудоўніка. Прапорцыя прыкладна 50/50. Мы свае абавязкі выконваем, а вось банк – не. Цяпер у іх запазычанасць толькі адносна нашай кватэры каля 20 млн руб. І найбольшае, што яны пералічаць у гэтым месяцы, – 2 млн руб.”.

Такая сітуацыя, вядома, абурала кліентаў, таму яны пачалі скардзіцца ў крэдытны аддзел. “Адтуль прыйшла адпіска: маўляў, мы не плацім паводле дамовы, бо вырашылі плаціць паводле факту збудаванага аб’екту. Але ў кантракце прапісанае зусім іншае”.

Дольнікі збіраюцца падаваць у суд, а банк тым часам прымушае іх скласці дадатковае пагадненне, якое б легалізавала пратэрмінаваныя выплаты. “У гэтым дакуменце напісана, што я як кліент не супраць таго, што “Беларусбанк” затрымлівае выплаты, калі своечасова не паступілі муніцыпальныя грошы. Тады я прапанаваў, каб у дадатковым пагадненні было і тое, што і кліент можа не выплачваць пазыкі банку, калі ў яго не будзе грошай на гэты момант. З такімі ўмовамі ў “Беларусбанку” не пагадзіліся”.

Юрыст Святлана Шлома патлумачыла, што кліенты не абавязаныя падпісваць дадатковага пагаднення, бо ў першапачатковым кантракце такі абавязак не пазначаны. “Хутчэй за ўсё, банк будзе звяртацца ў суд, каб кліентаў прымусілі падпісаць дадатковае пагадненне. Яно патрэбнае, каб дольнікі пазней не судзіліся з банкам, калі забудоўнік выставіць ім рахункі на пратэрмінаваныя аплаты”.

У галоўным офісе “Беларусбанку” адмаўляюцца тлумачыць, чаму грошы кліентам пералічваюць несвоечасова. Аднак у прыватнай размове дольнікам кажуць наўпрост: “Грошай няма – крызіс!”

belsat.eu

Стужка навінаў