Атрад Мядзведзева


Гэтак назвала сябе група дзяўчат – фанак дзейнага прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. У сваім прамацыйным роліку яны распавядаюць, што іхны атрад ёсць адказам на з’яўленне “войска Пуціна”, ды клянуцца, што “на ўсё гатовыя дзеля Дзмітрыя Анатольевіча”.

Таксама, як і дзяўчаты, што падтрымліваюць прэм’ер-міністра Пуціна, “атрад Мядзведзева” абяцае агаліцца, але толькі для тых, хто адмовіцца ад піва. Гэтак яны намагаюцца падтрымаць адзін з апошніх законаў, ініцыяваных прэзідэнтам Мядзведзевым, як прыраўноўвае піва да рэшты алкагольных напояў і забараняе яго продаж і спажыванне ў грамадскіх месцах.

Дзяўчаты выразна адмаўляюцца ад удзелу ў палітычнай барацьбе: “Мы не хочам улазіць у іхныя (Пуціна і Мядзведзева) палітычныя справы, мы проста хочам агітаваць моладзь нашаю любоўю да прэзідэнта”, – кажа адна з чальцоў атраду. Паводле ейных словаў, такім чынам дзяўчаты дэманструюць сваё стаўленне да прэзідэнта.

У атрадзе ёсць і хлопцы. Дзяніс, студэнт адной з маскоўскіх ВНУ, тлумачыць сэнс акцыі журналістам: “Дзяўчаты прапаноўваюць сябе ў абмен на тое, што хлопцы паабяцаюць больш не піць. Пафоткацца з імі і ўсякае такое”, – удакладняе юнак.

Выбарчая кампанія яшчэ ў далёкай перспектыве, ні Уладзімір Пуцін, ні Дзмітрый Мядзведзеў не заяўлялі пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, аднак агітацыя ўжо распачалася. Але змагацца ёсць за што – упершыню прэзідэнцкі тэрмін складзе 6 гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў