Беларусаў збіраюцца карміць генетычна мадыфікаванаю бульбаю


Такім чынам будуць павышаць ураджайнасць. Адмысловы палігон ужо будуюць, ён будзе гатовы ў 2012 г.

Пра гэта на прэсавай канферэнцыі ў Менску распавяла намесніца дырэктара па навуковай працы Інстытуту генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Валянціна Лемеш, паведамляе агенцтва «Интерфакс-Запад».

Палігон для вырошчвання генетычна мадыфікаваных культураў будзе каштаваць Br 340 млн, з якіх Br 140 млн пойдуць на абсталяванне. Валянціна Лемеш паведаміла, што першаю справаю там пасадзяць бульбу, а ў будучыні, магчыма, лён і рапс.

Паводле загадчыка лабараторыі мадэлявання генетычных працэсаў Інстытуту генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Сяргея Драмашкі, генетычна мадыфікаваныя расліны з палігону не атрымаюць статусу гатунку, а будуць далей удзельнічаць у селекцыі звычайнымі метадамі. Выпрабаванні гатунку займаюць мінімум тры гады, таму генетычна мадыфікаваныя прадукты трапяць у продаж не раней за 2015 г., заявіў навуковец.

Ён патлумачыў, што на палігоне будуць працаваць з раслінамі, у якіх «ген дазволіць праводзіць, напрыклад, апрацоўку раслінаў гербіцыдамі, пры гэтым пустазелле загіне, а расліна да такой апрацоўкі будзе ўстойлівая, адпаведна, павысіцца ўраджайнасць».

belsat.eu

Стужка навінаў