Пінск: трагедыі быццам не было


Жыхары Пінску кажуць, што працаўнікі “Пінскдрэву” баяцца хадзіць на працу, тым часам прадпрыемства рыхтуецца святкаваць юбілей.

“Атмасфера цяпер вельмі цяжкая, – кажа адна з працаўніц прадпрыемства, што пагадзілася на інтэрв’ю на ўмовах ананімнасці. – Шмат людзей, з якімі я працую, згубілі сваіх блізкіх. Гэта сапраўды цяжка. Ідзеш на працу і глядзіш на гэтыя руіны, дыхаеш гэтым паветрам. Паўсюль размовы – у краме, у аўтобусе – усе размаўляюць пра гэтую бяду, аднак у СМІ – ні слова. Мы нічога не ведаем, апроч таго, што ведаем з чутак”.

Колькасць ахвяраў выбуху на “Пінскдрэве”, паводле афіцыйных звестак, павялічылася да чатырнаццаці. У Рэспубліканскім апёкавым цэнтры застаюцца тры пацярпелыя, з якіх адзін – у рэанімацыі. Яшчэ тры чалавекі знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні Берасцейскай абласной больніцы. Усе яны – у прытомнасці, падключаныя да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, іхны стан на сённяшнюю раніцу медыкі ацэньваюць як стабільна цяжкі.

На сайце прадпрыемства пра трагедыю сціпла паведамляецца ў раздзеле “Нашыя навіны”. Таксама там змяшчаецца інфармацыя аб правядзенні суботніка, сродкі ад якога маюць пайсці на дапамогу сем’ям загінулых і пацярпелым. Аднак працаўніца прадпрыемства ў інтэрв’ю “Белсату” заявіла, што работнікаў падманулі. “Мы адпрацоўвалі суботнік гэтак званы – цэлую змену. Мы адпрацавалі, а ўсе сродкі пойдуць на святкаванне ды на азеляненне “Пінскдрэву”. Мы ішлі на працу, думалі, што сапраўды хоць гэтымі няшчаснымі капейкамі дапаможам пацярпелым. Не. Вісеў загад пра святкаванне і азеляненне. Вось і стаўленне. Мне здаецца, гэтым загадам і гэтым суботнікам гаворыцца вельмі шмат”.

Паводле нашай суразмоўцы, шэраг работнікаў цэху, у якім адбыўся пажар, засталіся без працы. “Гэтыя людзі ходзяць і самі просяць – дайце нам працу. Яны даюць працу, але не за тыя грошы, якія яны зараблялі ў тым цэху”.

belsat.eu
https://youtu.be/8Zv4O3Rj4cc

Глядзі таксама
Каментары