Алена Ліхавід: Яны не разумеюць, што арышты гартуюць моладзь


Актывістка руху «За свабоду» выйшла на волю і сёння мае наведаць калонію, дзе сядзіць ейны сын Мікіта.

Маці асуджанага за ўдзел у паслявыбарчым мітынгу 19 снежня Мікіты Ліхавіда адседзела дзесяць дзён за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту. Пра ўмовы ўтрымання яна згадвае з жудасцю: «Калі адчыніліся дзверы, і я зрабіла крок у камеру, а пасля за мной зачыніліся гэтыя дзверы, я хвіліны тры стаяла з торбамі, уцямлівала, што вось тут я буду сама».

У камеры было цёмна, стаяў смурод ад каналізацыі, якая забілася, адчыніць фортку было немагчыма. За патрабаванне праветрыць Алена Ліхавід на тры дні трапіла ў карцар. У такіх жа ўмовах 55 дзён у карцары агулам правёў ейны 21-гадовы сын, асуджаны на 3,5 гады зняволення за ўдзел ў падзеях на Плошчы.

«Я не думаю, што яны хацелі паказаць маці, у якіх умовах знаходзіцца сын. Я думаю, яны хацелі паказаць: ведай сваё месца. Не трэба скардзіцца, не трэба чагосьці патрабаваць. Яны проста мэтанакіравана хацелі запалохаць, зламаць», – кажа Алена Ліхавід.

Аднак гэтай мэты, паводле жанчыны, уладам не дасягнуць: «Яны глыбока памыляюцца, што гэтым яны змаглі і змогуць запужаць не толькі мяне, а моладзь нашу, якую яны арыштоўваюць, якую саджаюць на содні. Яны наадварот выхоўваюць у моладзі, загартоўваюць волю». Маці палітвязня заўважыла, што ад прыніжэння вязняў супрацоўнікі каральных установаў атрымліваюць асалоду, хоць разумеюць, што маюць справу не са злачынцамі. «Іх раздражняла, што мы смяемся, што мы ў такіх абставінах можам смяяцца», – распавядае жанчына.

У пятніцу, 4 жніўня, Алена Ліхавід мае наведаць калонію, дзе сядзіць Мікіта: «Я яго не ўбачу, але ён будзе ведаць, што я побач, ля сценаў калоніі. Павязу, натуральна, сваю матчыну любоў».

belsat.eu

Стужка навінаў