Ці магчымы ў Беларусі «егіпецкі варыянт» вулічнай рэвалюцыі?


У Егіпце 3 жніўня распачаўся суд над зрынутым прэзідэнтам Хосні Мубаракам, ягонымі сынамі і паплечнікамі. У лютым цягам трох тыдняў мільённых пратэстаў яго змусілі сысці незадаволеныя эканамічнаю сітуацыяй суайчыннікі, якія гуртаваліся і распаўсюджвалі інфармацыю праз «YouTube», «Twitter» і «Facebook». У Беларусі мінулая серада ўпершыню за апошнія два месяцы прайшла без сацыяльных пратэстаў.

У беларускіх акцыях маўклівага пратэсту, арганізаваных інтэрнэт-супольнасцю «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», у чэрвені і ліпені штосераду ўдзельнічалі тысячы чалавек па ўсёй Беларусі, сотні былі пакараныя арыштамі і штрафамі. Апошняя акцыя 27 ліпеня атрымалася правальнаю.

Чым адрозніваецца сітуацыя ў Беларусі ды Егіпце, і ці магчымая вулічная рэвалюцыя ў нас, разважае палітолаг Андрэй Казакевіч.

«Акцыі, арганізаваныя групаю «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», трэба разглядаць як першую праяву пратэставых настрояў грамадства, не больш за гэта. Сезон, лета, не спрыяе палітычнай мабілізацыі, як паказвае беларуская гісторыя вельмі добра. Да пратэстаў пакуль не далучаюцца шырокія пласты насельніцтва, асабліва тыя, што традыцыйна ёсць сацыяльна пасіўнымі, якіх эканамічны крызіс можа прывесці да выйсця на вуліцу», – мяркуе эксперт.

Найбольш істотная розніца паміж сітуацыямі ў дзвюх краінах, на думку Андрэя Казакевіча, – тое, што эканамічная сітуацыя ў Егіпце да пачатку рэвалюцыі пагаршалася некалькі гадоў. У Беларусі ж гэта яшчэ дастаткова новая з’ява, да таго ж у нас пратэсты больш сацыяльна абмежаваныя. І, што не малаважна, у Егіпце «ўплыў і папулярнасць апазіцыі былі большымі, асабліва калі мы кажам пра ісламісцкую апазіцыю – яны мелі прадстаўнікоў у парламенце нефармальна».

Таму, паводле Андрэя Казакевіча, у нашай краіне трэба ставіць не на хуткі вынік, а на сярэднетэрміновую перспектыву: «Калі сітуацыя будзе пагаршацца некалькі гадоў, то, вядома, структура пратэставых настрояў будзе змяняцца, яны будуць пашырацца. Гэта найбольш імаверны сцэнар развіцця сітуацыі. На маю думку, хуткіх зменаў чакаць не даводзіцца. Досвед іншых краінаў паказвае, што для таго, каб адбыліся нейкія моцныя пратэсты, істотныя змены ў настроях грамадства, патрэбны пэўны час. Таму нейкія істотныя змены магчымыя, толькі калі сітуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца год ці яшчэ болей часу».

У самім Егіпце вялікую ролю адыграў сегмент грамадства, арыентаваны на ісламскія каштоўнасці. Гэта каля траціны насельніцтва, што традыцыйна падтрымлівае ісламісцкія рухі, якія былі ў апазіцыі да Мубарака. Гісторыя ж гэтых рухаў сягае сярэдзіны ХХ стагоддзя.

belsat.eu

Стужка навінаў