Ад 5 да 17 дзён арышту прысудзілі ўдзельнікам пікету ў Горках


У Дрыбіне і Горках (Магілёўская вобласць) прайшлі суды над затрыманымі ўдзельнікамі пікета ў падтрымку лідара “Маладога фронту” Дзмітрыя Дашкевіча. Яшчэ два паседжанні прызначаны на 8 і 9 жніўня.

Пікет прайшоў 2 жніўня каля горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне Дашкевіч. Моладзевыя актывісты патрабавалі ад адміністрацыі калоніі дазволу на сустрэчу Дашкевіча з адвакатам. Актывісты выстраіліся каля папраўчай установы з расцяжкай “Спыніце праследаванне!”. Праз некаторы час да іх падбеглі супрацоўнікі міліцыі і работнікі калоніі. 14 чалавек былі затрыманыя. Ноч з 2 на 3 жніўня яны правялі ў міліцыі.

Чакалася, што судзіць затрыманых будуць у Горках, аднак большая частка іх была перавезеная ў Дрыбін у сувязі з тым, што 3 жніўня Горкі наведваў Аляксандр Лукашэнка.

У горацкім судзе разглядаліся адміністрацыйныя справы чатырох затрыманых. У выніку Максім Сямёнаў асуджаны на 10 сутак арышту, Аляксандр Вялітчанка пакараны штрафам у памеры 1 млн. рублёў. Дзмітрыя Шурхая і Івана Шылу з залы суда адпусцілі пасля таго, як яны запатрабавалі адвакатаў — апошніх напрыканцы працоўнага дня ў судзе не аказалася. Разгляд спраў Шылы і Шурхая пройдзе ў горацкім судзе 8 жніўня.

На 9 жніўня перанесены і суд над Раманам Васільевым. Такое рашэнне прыняў дрыбінскі суд пасля таго, як Раман папрасіў даць яму адваката. Актывіста адпусцілі да наступнага пасяджэння.

Дрыбінскі суд асудзіў таксама Мікалая Дзямідзенку на 17 сутак арышту, Яўгена Скрабца — на 10, Ганну Шаруба — на 13, Аляксея Сянчылу — на 7, Юлію Міхайлаву — на 10, Рамана Панжына — на 5, Вячаслава Барысава — 10 сутак. На 10 сутак арышту асуджана і незалежная журналістка Таццяна Шапуцька. На слуханнях яна заявіла, што падчас пікета выконвала свае прафесійныя абавязкі. Прагледзеўшы ўсё знятыя ёй матэрыялы і праслухаўшы аўдыёзапісы, суд прыняў іх да ведама, аднак на вырак гэта не паўплывала.

На 12 дзён арышту асуджана Анастасія Палажанка — намесніца старшыні міжнароднага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” і нявеста Дзмітрыя Дашкевіча.

Большасць затрыманых абвінавачаныя па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў