МВФ: Прагрэсу ў перамовах з Менскам няма


Перамовы наконт крэдыту могуць распачацца толькі пры наяўнасці ва ўладаў выразнага і публічнага плану выйсця з крызісу, заявіла сталая прадстаўніца Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна.

Пра гэта паведамляе агенцтва “Интерфакс-Запад”. Улады Беларусі 31 траўня звярнуліся ў МВФ з просьбаю пра вылучэнне крэдыту памерам $ 3–7,5 млрд тэрмінам на 3–5 гадоў. На пачатку чэрвеня ў Менску працавала місія постпраграмнага маніторынгу, якая прапанавала ўраду і Нацбанку падрыхтаваць і надрукаваць праграму выйсця з крызісу, а таксама захады што да структурных зменаў у эканоміцы.

Паводле Наталлі Калядзінай, за паўтара месяца значнага прагрэсу ў выкананні парадаў МВФ не назіраецца. “Фонд чакае далейшых дзеянняў уладаў. Мы працягваем сталы дыялог, вядзем кансультацыі”, – паведаміла яна.

“Пэўнымі станоўчымі крокамі” ўладаў прадстаўніца фонду назвала абмежаванне эмісійнага крэдытавання для фінансавання дзяржпраграмаў, больш жорсткую адсоткавую палітыку, перавышэнне прыбыткаў над выдаткамі ў бюджэце за першае паўгоддзе і намер скараціць у параўнанні з планам дэфіцыт бюджэту па выніках года.

Нягледзячы на гэта, як зазначыла Наталля Калядзіна, выразная праграма выйсця з крызісу і захады структурных пераўтварэнняў не сфармуляваныя.

14 чэрвеня кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс (Chris Jarvis) рэкамендаваў сярод асноўных антыкрызісных захадаў зняць абмежаванні на валютным рынку, адмовіцца ад павышэнняў заробкаў, лібералізаваць цэнаўтварэнне.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары