Ордэн «За службу Радзіме» – у Савет бяспекі. Медаль Скарыны – за папсу


Лукашэнка падпісаў адмысловы ўказ аб узнагароджванні найлепшых адмыслоўцаў краіны паводле версіі Адміністрацыі прэзідэнта. Большасць узнагародаў разышлася ў працоўных калектывах. Аднак у спіс трапіў і старшыня інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Савету бяспекі Канстанцін Бурак. Ён – адзін з заснавальнікаў новай канцэпцыі праграмы нацыянальнай бяспекі. Той самай, дзе першыя пазіцыі займае фільтрацыя свабоднай інфармацыі.

Вядома таксама, што Канстанцін Бурак удзельнічаў у міжнародных перамовах наконт паставак нафты з Азербайджану. Яму ўручылі ордэн «За службу Радзіме» ІІІ ступені. Звычайна яго атрымліваюць вайскоўцы, аднак прадугледжаныя выпадкі, калі ўзнагароджваюцца і супрацоўнікі іншых сілавых структураў. Ордэн прысуджаецца за асаблівыя заслугі ва ўмацаванні дзяржаўнай бяспекі, ахове дзяржаўнай мяжы і барацьбе са злачыннасцю.

Апроч гэтага, узнагароду атрымалі папсовыя спевакі Гюнэш Абасава і Аляксей Хлястоў. Абодва працуюць у Моладзевым тэатры эстрады пад кіраўніцтвам Васіля Раінчыка. Разам з астатнімі артыстамі яны актыўна ўдзельнічаюць у канцэртах, арганізаваных праўладнымі грамадскімі арганізацыямі і прафсаюзамі, выступах напярэдадні выбараў ці жніва, а таксама па разнарадцы наведваюць рэгіёны. Яны атрымалі медаль Францыска Скарыны.

Згодна з правіламі такую ўзнагароду атрымліваюць за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, выдання кніг, прапаганды культурнай спадчыны, за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай дзейнасці. У свой час яго ўручылі П’еру Кардэну, Анатолю Ярмоленку, Аляксандру Зімоўскаму, Аляксандры Пахмутавай і нават Барысу Ельцыну.

На меркаванне крытыка Ніны Фральцовай, узнагарода даўно страціла свой сэнс: «Не зразумела, паводле якога прынцыпу праводзіцца адбор. І складваецца ўражанне, што ўзнагароджваюць паводле прынцыпу: па два чалавекі штогод з тэатру. Калі паглядзець нават на вынікі працы гэтых папсовых выканаўцаў, то за апошні год нічога яскравага яны не зрабілі. У Беларусі былі і больш паспяховыя праекты». Ніна Фральцова адзначае, што традыцыі ўзнагароджвання засталіся з савецкіх часоў. У той час калі ў Еўропе адбор праходзіць адкрыта і на конкурснай аснове.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары