Дзяржава абяцае бясплатныя прадукты для дзяцей


Але дапамогуць толькі самым малазабяспечаным.

У дэкрэтным адпачынку маці з дзіцём можа прэтэндаваць на адрасную сацыяльную дапамогу. Як патлумачыў старшыня ўпраўлення сацыяльнага падтрымання насельніцтва Менгарвыканкаму Анатоль Ражанец, гэтая дапамога ўключае бясплатныя харчовыя прадукты. «Увядзенне гэтага віду сацпадтрымання будзе спрыяць спрашчэнню працэдуры пры атрыманні сям’ёй дапамогі ў цэлым, а таксама знізіць адміністрацыйныя выдаткі і павысіць даступнасць аказання сацыяльнай дапамогі», – мяркуе чыноўнік.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёлета такую дапамогу атрымалі 67 200 чалавек на агульную суму 25,6 млрд руб. Дапамогу пераважна атрымалі шматдзетныя і няпоўныя сем’і.

Маладая маці Кацярына Бойка кажа, што таксама неаднаразова звярталася ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна па дапамогу. «Але паколькі я гадую дзяцей не адна, а заробак майго мужа складае 2 млн руб. на чатырох чалавек, ніякіх грошай нам не выдзелілі. На меркаванне чыноўнікаў, мы лічымся забяспечанай сям’ёй. Хоць дапамогі ад дзяржавы хапае на некалькі пакункаў памперсаў».

Штомесячныя выплаты бацькам па даглядзе за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў у Беларусі складаюць 442 тыс. руб. – гэта прыкладна 88 даляраў паводле афіцыйнага курсу. У гэтым месяцы выплаты павялічыліся на 99 тыс. руб., але, паводле звестак парталу Mojazarplata.by, больш за палову бацькоў трацяць гэтыя грошы менш, чым за тыдзень. Большасць маці сыходзяцца ў меркаванні: кошты растуць хутчэй, чым грашовая дапамога па даглядзе за дзіцём, таму нязначныя павышэнні амаль не ўплываюць на сямейны бюджэт.

Як выглядае сітуацыя ў суседзяў? Ва Украіне памер дапамогі складае ад 16,1 да 103,1 долара і залежыць ад сумы агульнага сямейнага даходу. У Расеі для працоўных жанчын памер дапамогі разлічваецца сыходзячы з сярэдняга заробку за апошнія два гады, але не можа быць меншы за 79,4 долара. У Літве і Латвіі дапамога дзяржавы таксама залежыць ад папярэдняга заробку таго з бацькоў, хто будзе ў дэкрэтным адпачынку, але складае каля 70 % заробку за апошні працоўны год.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары