Затрыманых у Горках павезлі судзіць у Дрыбін


Дэмакратычных актывістаў, затрыманых 2 жніўня ў Горках, павезлі ў Дрыбін, дзе над імі мае адбыцца суд – паведамляе прэсавая служба «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі».

Судовае паседжанне распачалося ў Горках. Яно было зачыненае. Трапіць у будынак суда не змаглі ні праваабаронцы, ні журналісты, гэта ўдалося толькі маці затрыманай актывісткі «Маладога фронту» Таццяны Шапуцькі. Людзі спрабуюць дамагчыся адчыненага працэсу.

Сёння ў Горках з прычыны чаканага прыезду Аляксандра Лукашэнкі надзвычай узмоцненыя захады бяспекі. Як паведамілі супрацоўнікі міліцыі, хутчэй за ўсё актывістаў аштрафуюць. Але, улічваючы прыезд Лукашэнкі, чакаць іхнага вызвалення не даводзіцца.

Дэмакратычныя актывісты прыехалі ў Горкі, каб патрабаваць сустрэчы зняволенага ў мясцовай калоніі Змітра Дашкевіча з адвакатам. Сярод затрыманых каардынатар аргкамітэту БХД па Берасцейскай вобласці Зміцер Шурхай, актывісты БХД, «Маладога фронту» і «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Скрабец, Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Іван Шыла, Таццяна Шапуцька, Юлія Міхайлава, Ганна Шаруба, Раман Васільеў, Вячаслаў Барысаў, Аляксандр Вялітчанка, Аляксей Сямчыла і Уладзімір Радкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў