Уладзімір Някляеў: Нельга дапусціць, каб агеньчык супраціву згас


Палітык спадзяецца, што пратэставыя настроі сярод палітычна незаангажаваных беларусаў не знікнуць, і людзі далучацца да пратэстаў, якія апазіцыя плануе на восень. «Сапраўды, праблема ўзнікла і трэба яе вырашаць, нельга дапусціць, каб гэты агеньчык летняга супраціву пад восень, калі мы чакаем нейкіх сацыяльных істотных супраціваў, згас», – зазначыў Уладзімір Някляеў.

Апошні «маўклівы пратэст» 27 ліпеня фактычна праваліўся. На гарадскіх рынках сабралася няшмат людзей, папярэднія ж акцыі жорстка падаўляліся міліцыянтамі ў цывільным.

«Заўсёды пачынаць нешта – лягчэй, чым гэта захаваць. Калі ты малады, табе здаецца, што ў некага нешта не атрымлівалася, а ў мяне ўсё атрымаецца, бо я разумнейшы, я больш крэатыўны. Гэта так, але цяпер праблема ў тым, каб захаваць, – гаворыць Уладзімір Някляеў. – Я бачу перспектыву супраціву вельмі выразна – яна ў раме эканамічнага крызісу, і выняць з гэтай рамы тое, што насамрэч адбываецца, уключна з акцыямі пратэсту, немагчыма».

Пры гэтым экс-кандыдат на прэзідэнта падкрэсліў, што не мае намеру «ўваходзіць у рады ці ачольваць, займаць лідарскія пазіцыі ў гэтым руху». «Ён каштоўны тым, што ў ім няма ніякіх начальнікаў, лідараў, і гэты рух нібыта ўзнік сам па сабе», – дадаў Уладзімір Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў