Сенатары ЗША заклікаюць МВФ не выдзяляць крэдыту Беларусі


“Выдзяленне МВФ крэдыту Беларусі будзе супярэчыць як інтарэсам ЗША, гэтак і інтарэсам ЕЗ”, – гаворыцца ў лісце.

“Нягледзячы на мільярды долараў падтрымання, вылучаныя Беларусі міжнароднаю супольнасцю, уключаючы 3,5 мільярда долараў ад МВФ за апошнія два гады, яе ўрад не здолеў правесці структурных рэформаў, да якіх неаднаразова заклікаў МВФ і якія ён лічыў неабходнымі, – пішуць сенатары. – Наадварот, урад Беларусі пад аўтарытарным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі праводзіў ва ўласных вузкіх палітычных мэтах безадказную і разбуральную палітыку”.

У якасці прыкладу аўтары згадваюць значнае павышэнне заробку дзяржслужбоўцам напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якое правялі з мэтай узмацнення падтрымання пазіцыяў Лукашэнкі. “Гэтую разбуральную палітыку МВФ назваў адной з асноўных прычынаў цяперашняга эканамічнага крызісу ў Беларусі”, – гаворыцца ў лісце.

Паводле меркавання сенатараў, новым крэдытам МВФ прафінансуе захаванне “нелегітымнага і рэпрэсіўнага рэжыму”, што “не будзе спрыяць сапраўдным эканамічным рэформам”.

“Нягледзячы на пярэчанне з боку ЗША, вылучэнне Беларусі крэдыту МВФ у 2009 годзе ўхвалілі менавіта таму, што ЗША і ЕЗ не былі адзіныя. Улічваючы новы характар шчыльнай трансатлантычнай каардынацыі ды супрацы ў дачыненні Беларусі, мы спадзяемся, што магчымае лепшае развіццё падзеяў”, – зазначаецца ў лісце.

Зварот падпісалі сенатары Рычард Дэрбін, Бэнджамін Кардын, Марк Кірк, Джоўзэф Лібэрман (Joseph Isadore Lieberman), Джон МакКейн (John Sidney McCain) і Джын Шагін (Jeanne Shaheen).

Раней некаторыя эксперты заяўлялі, што МВФ можа адмовіць Беларусі ў крэдыце праз палітычныя матывы. Такога меркавання, у прыватнасці, трымаецца экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, паводле словаў якога ўлады Беларусі не змогуць атрымаць гэтага крэдыту, пакуль у краіне будуць доўжыцца палітычныя рэпрэсіі. Прафесар Багданкевіч адзначае, што асноўныя акцыянеры фонду – ЗША, Еўразвяз, Японія і Канада.

Лукашэнка, выступаючы 17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі для беларускіх СМІ, выказаў асцярогу, што ЗША і Еўрасаюз могуць паўплываць на рашэнне МВФ і “заблакаваць” крэдыт. “Няма ніякіх падставаў не выдзяляць нам крэдыту, акрамя палітыкі”, – заявіў ён.

У беларускім прадстаўніцтве МВФ гэтага пытання не каментуюць.

belsat.eu

Стужка навінаў