Група сенатараў ЗША заклікала міністра фінансаў Цімаці Гайтнера выступіць супраць выдзялення Міжнародным валютным фондам крэдыту Беларусі.


“Выдзяленне МВФ крэдыту Беларусі будзе супярэчыць як інтарэсам ЗША, так і інтарэсам ЕС”, — гаворыцца ў лісце.

“Нягледзячы на мільярды долараў падтрымкі, выдзеленыя Беларусі міжнароднай супольнасцю, уключаючы 3,5 мільярда долараў ад МВФ за апошнія два гады, яе ўрад не здолеў правесці структурныя рэформы, да якіх неаднаразова заклікаў МВФ і якія ён лічыў неабходнымі, — пішуць сенатары. — Наадварот, беларускі ўрад пад аўтарытарным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі праводзіў ва ўласных вузкіх палітычных мэтах безадказную і разбуральную палітыку”.

У якасці прыкладу аўтары згадваюць значнае павышэнне зарплаты дзяржслужачым напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якое было праведзена з мэтай узмацнення падтрымкі пазіцый Лукашэнкі. “Гэту разбуральную палітыку МВФ назваў адной з асноўных прычын цяперашняга эканамічнага крызісу ў Беларусі”, — сказана ў лісце.

Паводле меркавання сенатараў, новым крэдытам МВФ прафінансуе захаванне “нелегітымнага і рэпрэсіўнага рэжыму”, што “не будзе спрыяць сапраўдным эканамічным рэформам”.

“Нягледзячы на пярэчанне з боку ЗША, выдзяленне Беларусі крэдыту МВФ у 2009 годзе было ўхвалена менавіта таму, што ЗША і ЕС не былі адзіныя. Улічваючы новы характар шчыльнай трансатлантычнай каардынацыі і супрацоўніцтва ў дачыненні да Беларусі, мы спадзяемся, што магчыма лепшае развіццё падзей”, — гаворыцца ў лісце.

Зварот падпісалі сенатары Рычард Дурбін, Бенджамін Кардын, Марк Кірк, Джозеф Ліберман, Джон Маккейн і Джын Шахін.

Раней некаторыя эксперты заяўлялі, што МВФ можа адмовіць Беларусі ў даванні крэдыту па палітычных матывах. Такога меркавання, у прыватнасці, трымаецца экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, паводле слоў якога, беларускія улады не змогуць атрымаць гэты крэдыт, пакуль у краіне будуць доўжыцца палітычныя рэпрэсіі. Прафесар Багданкевіч адзначае, што асноўнымі акцыянерамі фонду з’яўляюцца ЗША, Еўрасаюз, Японія і Канада.

Лукашэнка, выступаючы 17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі для беларускіх СМІ, выказаў асцярогу, што ЗША і Еўрасаюз могуць паўплываць на рашэнне МВФ і “заблакаваць” крэдыт. “Няма ніякіх падстаў не выдзяляць нам крэдыт, акрамя палітыкі”, — заявіў ён.

У беларускім прадстаўніцтве МВФ гэта пытанне не каментуюць.

belsat.eu

Стужка навінаў