Наталля Класкоўская: Да калоніі ўсяго 60 км, а ліст ідзе 15 дзён


Сваякі палітвязня Аляксандра Класкоўскага не атрымліваюць лістоў і тэлефонных званкоў з калоніі.

“Лістоў даўно няма. І не тэлефануе ніхто, нават той незнаёмец, што калісьці звязваўся са мною на просьбу мужа”, – распавяла “Белсату” жонка зняволенага Наталля Класкоўская. Жанчына гаворыць, што напрыканцы ліпеня атрымала ліст, які Аляксандр напісаў яшчэ 10 чэрвеня. Ад Бялынічаў, дзе цяпер жыве Наталля з дзецьмі, да Шклоўскай калоніі ўсяго 60 кіламетраў, аднак карэспандэнцыя ідзе паўмесяца, абураецца жанчына. Яна прызнаецца, што гэтае працяглае маўчанне яе вельмі палохае.

Паводле Наталлі Класкоўскай, яны даслалі вязню ў калонію тэлеграму, каб той напісаў заяву на сустрэчу з адвакаткаю – найбліжэйшым часам Ірына Бурак збіраецца выправіцца да свайго падабароннага. Ліст з патрабаваннем забяспечыць правы сына на атрыманне карэспандэнцыі ды сустрэчу з адвакаткаю даслаў кіраўніку калоніі бацька зняволенага Аляксандр Класкоўскі. Наталля Класкоўскае зазначае, што ў інфармацыйнай блакадзе апынуліся ўсе палітычныя вязні шклоўскай калоніі. Жанчына не выключае, што такім чынам зняволеных спрабуюць прымусіць напісаць прашэнні аб памілаванні.

Аляксандр Класкоўскі за ўдзел у акцыі пратэсту вынікам прэзідэнцкіх выбараў асуджаны на 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне ён адбывае ў шклоўскай турме. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра гэтую спецустанову, заявіў, што там сядзяць прыстойныя людзі, і “гэтым шалапутам (палітычным вязням) там няма чаго рабіць. Калі яны туды трапяць, то іх хутка заклічуць да парадку. Таму я баюся іх там трымаць”. Тым не менш, палітычных вязняў Аляксандра Класкоўскага, Мікалая Статкевіча, Алега Гнедчыка і Дзмітрыя Новіка ў турме трымаюць. Пісаць прашэнне аб памілаванні вязні адмаўляюцца.

belsat.eu

Стужка навінаў