Дыпламаты прыехалі з “выразным пасланнем”


Міністры замежных справаў Нямеччыны Гвіда Вэстэрвэле і Польшчы Радослаў Сікорскі сустрэнуцца сёння ў Менску з прадстаўнікамі ўлады і грамадзянскай супольнасці. Паводле польскага МЗС, “абодва міністры хочуць выказаць беларускаму боку выразнае еўрапейскае пасланне” ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі.

Міністры маюць сустрэцца як з прадстаўнікамі ўладаў, так і з апазіцыяй. Першай у праграме візіту значыцца сустрэча з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Затым Вэстэрвэле і Сікорскі правядуць перамовы з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым. У другой палове дня запланаваная сустрэча двух міністраў з апазіцыйнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта Беларусі ды прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

У інтэрв’ю “Suddeutsche Zeitung” ад 30 кастрычніка кіраўнік МЗС Нямеччыны заявіў, што мае намер заклікаць Аляксандра Лукашэнку адмовіцца ад рэпрэсіяў падчас прэзідэнцкіх выбараў.

“Мы не будзем умешвацца ў перадвыбарчую барацьбу, аднак з усёй выразнасцю дамо зразумець, што з вялікай занепакоенасцю ўспрымаем дзяржаўныя рэпрэсіі напярэдадні выбараў, – зазначыў Вэстэрвэле. — Мы падкрэслім, што празрыстая перадвыбарчая барацьба, каб мець дастатковую эфектыўнасць для партыяў і грамадзянскай супольнасці, мусіць прадугледжваць і свабодны доступ да сродкаў масавай інфармацыі”.

Варта адзначыць, што Сікорскі наведваў Беларусь у верасні 2008 года, тады ён сустракаўся з Мартынавым. Што да Вэстэрвэле, то гэта першы за апошнія 15 гадоў візіт міністра замежных спраў Нямеччыны ў Беларусь.

Паводле прагнозаў аналітыкаў, падчас візіту кіраўнікі МЗС Нямеччыны ды Польшчы назавуць умовы для працягу дыялогу Беларусі і ЕЗ пасля прэзідэнцкіх выбараў. “Будзе гутарка пра тое, што можа атрымаць Беларусь у выпадку, калі правядзе іх у больш-менш дэмакратычных умовах, і што яна можа страціць, калі ўмовы будуць дрэнныя”, – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў