Святлану Байкову прысудзілі да 2 гадоў хатняй хіміі (абноўлена)


Паводле прэс-сакратара Вярхоўнага суда Анастасіі Цімановіч, старшую следчую ў асабліва важных справах прызналі вінаватай у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Паводле астатніх чатырох артыкулаў абвінавачання Байкова, паводле суда, невінаватая.

Вярхоўны суд вынес вырак: два гады абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову. У тэрмін залічылі час, адбыты пад вартаю і пад дамашнім арыштам.

Крымінальную справу супраць Святланы Байковай распачаў 24 лютага 2010 года старшыня КДБ Вадзім Зайцаў. Жанчыну змясцілі ў следчы ізалятар КДБ, праз паўгода меру стрымання замянілі на хатні арышт.

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, справа Байковай была супрацьстаяннем паміж рознымі сілавымі структурамі: “Я думаю, што ў гэтай барацьбе перамог КДБ, а прайграла пракуратура і МУС. Пасля сыходу з Міністра ўнутраных справаў Навумава статус гэтага міністэрства ўпаў”. Мяккі ў параўнанні з папярэднімі абвінавачаннямі прысуд эксперт тлумачыць палітычным і эканамічным крызісам: “У такі час Лукашэнка не хоча, каб сярод наменклатуры ўзнікалі нейкія хваляванні. Таму гэта такая залатая сярэдзіна – пакаралі, але не надта жорстка”.

Былы следчы, Алег Волчак падтрымлівае версію пра канфлікт сілавых структураў: “Падчас свайго следства, за восем гадоў Байкова ўзяла ў абарот практычна ўсё кіраўніцтва КДБ: і рэгіянальнае, і рэспубліканскае. У яе былі канкрэтныя прозвішчы, канкрэтныя хабары. І ўсе зразумелі, што трэба прыбіраць Байкову, бо інакш яна дойдзе да самага верху”.

Следчую вінавацілі ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 393 (прыцягненне ў якасці абвінавачанага заведама невінаватага), часткі 1, 2 арт. 394 (прымус да давання паказанняў), часткі 1, 2 арт. 397 (заведама незаконнае затрыманне або заключэнне пад вартаю), ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу. Разам з Байковай у справе праходзіў Карэн Вартанян. Яго вінавацілі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 154 КК (катаванне).

belsat.eu

Стужка навінаў