“На прапаганду грошы адшукаюць”


Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў каментуе заяву Лукашэнкі пра скарачэнне датацыяў на дзяржаўную тэлевізію.

Аляксандр Лукашэнка негатыўна выказаўся наконт эканамічнай дзейнасці Белтэлерадыёкампаніі. Ён адзначыў, што тэлеканалы і радыёстанцыі мусяць зарабляць больш і не разлічваць на дзяржаўнае падтрыманне.

На функцыянаванне Белтэлерадыёкампаніі сапраўды вылучаюцца грошы з бюджэту. У свой час 500 тыс. долараў выдаткавалі на пакупку новай тэхнікі. У 2009 годзе кампанію вызвалілі ад аплаты падаткаў з заробку працаўнікоў. Гэтыя грошы меліся пайсці на дадатковае абсталяванне. Колькі цяпер грошай вылучаецца з бюджэту, Міністэрства інфармацыі не кажа. Адміністрацыя кампаніі цвердзіць, што грошы яны зарабляюць самастойна – за кошт рэкламы.

На меркаванне Андрэя Аляксандрава, фінансаванне тэлебачання з бюджэту прывяло да таго, што ТВ перастала быць грамадскім, яно стала выконваць функцыі прапагандыста і абслугоўваць чыноўнікаў, ад якіх залежаць фінансавыя паступленні. “Прэзідэнт апошнім часам часта кажа, што трэба скарачаць датацыі на розныя прадпрыемствы, каб тыя выходзілі на самаакупляльнасць. Але пакуль словы разыходзяцца са справаю. І я перакананы, што ў такі складаны для ўладаў час яны знойдуць грошы на прапаганду”. Эксперт узгадвае, што СМІ заўсёды былі на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы. “Яшчэ колькі гадоў таму Лукашэнка заявіў, што ў руках медыяў – небяспечная зброя, таму дзяржава будзе іх кантраляваць. І гэта сапраўды адбываецца на ўсіх узроўнях. Калі паглядзець на рэгіянальныя СМІ, то ў іх фактычна працуе адміністрацыя райвыканкаму. Падпіскаю займаюцца ідэолагі, а рэкламу забяспечваюць органы кантролю, якія пужаюць штрафамі бізнесоўцаў”.

На меркаванне спадара Аляксандрава, у крызісны час могуць урэзаць фінансаванне на забаўляльныя праекты, набыццё правоў на трансляцыю фестываляў і кіно. Але інфармацыйная палітыка Белтэлерадыёкампаніі застанецца ў рэчышчы дзяржпрапаганды.

belsat.eu

Стужка навінаў