Выезд да Дашкевіча: адваката не пусцілі, салідарных затрымалі (абноўлена)


Затрыманных ля калоніі, дзе адбывае пакаранне Зміцер Дашкевіч, будуць судзіць заўтра ў 9 раніцы, паведаміла “Белсату” Ганна Шапуцька. Па яе словах, цяпер у пастарунку заходзяцца 15 чалавек. На іх складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Паплечнікі зняволенага кіраўніка “Маладога фронту” не здолелі высветліць, дзе цяпер Зміцер Дашкевіч і які ягоны стан. “Белсату” ўдалося датэлефанавацца да актывіста “Маладога фронту” Івана Шылы, што цяпер з іншымі затрыманымі ўтрымліваецца ў аўтазаку. “Нас тут чалавек 14, пераважна моладзь. Аўтазак ужо спыніўся, падобна, што нас прывезлі ў мясцовы РАУС”, – паспеў паведаміць Іван Шыла, пасля чаго сувязь абарвалася.

Аўта, у якім ехалі лідар АГП Анатоль Лябедзька і карэспандэнт радыё “Рацыя” Барыс Гарэцкі спынілі працаўнікі міліцыі. У пасажыраў забралі дакументы, паведаміў “Белсату” Анатоль Лябедзька. Са словаў палітыка, каля калоніі затрымалі прыкладна 12 чалавек. Сярод іх – намеснікі старшыні “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка і Наста Палажанка.

Брутальныя дзеянні міліцыянтаў сталі адказам на пікет, што паплечнікі Змітра Дашкевіча зладзілі ля муроў калоніі. Маладафронтаўцы разгарнулі расцяжку “Спыніце пераслед!”, таксама трымалі ў руках партрэты Змітра Дашкевіча. На маладзёнаў накінуліся некалькі чалавек у цывільным і ў міліцыйнай форме. Аднак тады затрыманняў удалося пазбегчы, у маладафронтаўцаў толькі забралі расцяжку. Але праз некалькі хвілінаў да пікетоўнікаў пад’ехаў аўтазак і адбыліся арышты.

Да Горацкай калоніі прыехаў караван прыкладна з васьмі легкавікоў – у іх палітыкі, актывісты “Маладога фронту” і сябры Змітра Дашкевіча. Яны патрабавалі ў кіраўніцтва калоніі дапусціць да палітвязня адваката.

“Была сустрэча з намеснікам начальніка калоніі, але безвыніковая. Матывацыя старая: маўляў, няма заявы ад Змітра Дашкевіча на сустрэчу з абаронцам, таму дазволіць не могуць”, – распавёў “Белсату” лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Паводле палітыка, гэтая адмова груба парушае заканадаўства. Да таго ж, зазначае палітык, раней ніколі не было перашкодаў для сустрэчаў адвакатаў з вязнямі – абаронцаў на першае запатрабаванне дапускалі нават у карцар.

Разам з Анатолем Лябедзькам пад сценамі калоніі застаюцца прыкладна 40 чалавек – журналісты, палітыкі, актывісты “Маладога фронту”. Сярод іх Уладзімір Някляеў і Вольга Завадская, маці зніклага тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага.

Як распавяла “Белсату” нявеста Змітра Дашкевіча Наста Палажанка, кіраўніцтва калоніі падрыхтавалася да іхнай сустрэчы. Вязніцу, дзе трымаюць Змітра, агарадзілі, выставілі некалькі дадатковых пастоў ДАІ, прыкладна за 200 метраў ад турэмнай брамы з’явіўся дадатковы прапускны пункт. Кіраўнік калоніі спачатку заяўляў, што ў яго сёння непрыёмны дзень, што пасля 14-й гадзіны ён вырашыць, ці зможа паразмаўляць з адвакатам. Але ў выніку да адваката выйшаў намеснік кіраўніка спецустановы.

Цяпер Уладзімір Някляеў напісаў на імя кіраўніка калоніі заяву з патрабаваннем даць пісьмовае пацверджанне таго, што Зміцер Дашкевіч не жадае сустрэчы з адвакатам. Пад ёй падпісваюцца ўсе прысутныя, паведаміў актывіст “Маладога фронту” Іван Шыла.

Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. За час зняволення ён ужо трэці раз трапіў у карцар “за парушэнне правілаў унутранага распарадку”.

Паплечнікі Зміцера Дашкевіча непакояцца, што палітвязень збіты, таму адміністрацыя спецустановы і хавае яго нават ад адваката.

***

Аўта, у якім ехаў Анатоль Лябедзька, пасля праверкі дакументаў адпусцілі. Палітык скіраваўся да мясцовага РАУСу, у яго двары цяпер стаіць аўтазак з затрыманымі маладзёнамі. Удалося высветліць некаторыя прозвішчы арыштаваных. Гэта Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Іван Шыла, Зміцер Шурхай, Яўген Скрабец, а таксама карэспандэнтка газеты “Новы Час” Таццяна Шапуцька. “Мы сядзім у аўтазаку ў “стаканах” па 3 чалавекі, таму падлічыць, колькі ўсяго затрыманых, цяжка”, – паведаміла праз тэлефон Таццяна Шапуцька. Дзяўчына гаворыць, што яе затрымалі нягледзячы на журналісцкае пасведчанне.

***

Як паведаміла “Белсату” Ганна Шапуцька, маці затрыманай журналісткі Таццяны Шапуцькі, усіх арыштаваных з аўтазаку вывелі ды цяпер трымаюць у мясцовым РАУСе. “Адпусцяць затрыманых ці не, мы пакуль не ведаем. Як гавораць міліцыянты, яны “разбіраюцца”. Нам толькі вядома, што пратаколы на іх не складаюць”, – распавяла яна.

belsat.eu

Стужка навінаў