Сем гадоў мусульмане чакаюць мячэць у Менску


Дзяржава ўдзельнічае ў пабудове і рэстаўрацыі 150 праваслаўных цэркваў. Між тым, мусульмане краіны не маюць храму ў сталіцы.

Старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Беларусі муфцій Абу-Бэкір Шабановіч распавёў, што першапачаткова будаўніцтва мячэці фінансавалася арганізацыяй з Саудаўскай Аравіі, а таксама сродкамі мусульманаў Беларусі. “Планавалася, што мячэць сустрэне вернікаў ужо сёлета на Рамадан, але фінансаванне было прыпыненае, таму працы ідуць марудней. Цяпер мы разлічваем толькі на сябе і сродкі вернікаў”.

Будучая мячэць паўстае ў раёне вул. Грыбаедава – у месцы, якое носіць гістарычнае найменне Татарская слабада. Як растлумачыў муфцій Абу-Бэкір Шабановіч, мячэць будзе павялічанаю копіяй той, што калісьці стаяла ў Менску на пр. Машэрава. У другой палове XX ст. яе разбурылі, цяпер на яе месцы гасцініца “Юбілейная”.

Мусульмане звярталіся па дапамогу да дзяржавы. На чарговым міжканфесійным паседжанні падымалася пытанне льготнага падаткаабкладання асобаў, якія аказваюць дабрачынную і спонсарскую дапамогу рэлігійным арганізацыям, выдавання памяшканняў дзяржаўнай уласнасці ў арэнду рэлігійным арганізацыям для набажэнстваў, усталявання ахоўных шыльдаў на культавых будынках ды іншыя пытанні дачыненняў дзяржавы і рэлігійных арганізацыяў. Але далей за абмеркаванне справа пакуль не зрушваецца.

Старшыня Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка кажа, што дамова аб супрацы складзеная толькі з Праваслаўнаю царквою. “Беларуская праваслаўная царква – гістарычна традыцыйная і найбольш шматлікая канфесія ў краіне, таму адыгрывае найважнейшую ролю ў духоўным жыцці беларускага народу, бярэ актыўны ўдзел у развязанні сацыяльна значных праблемаў. З улікам гэтага ў 2003 г. было падпісанае “Пагадненне аб супрацы паміж Рэспублікаю Беларусь і Беларускаю праваслаўнаю царквою”. Што да астатніх канфесіяў – ідзе праца, але пагадненні пакуль не падпісаныя”, – кажа чыноўнік.

Вядома, што цяпер у Беларусі з дапамогаю дзяржавы будуюцца больш за 150 праваслаўных храмаў. Многія святыні аднаўляюцца і рэканструююцца: Успенскі сабор у Віцебску, Каложская царква ў Горадні, Свята-Успенскі манастыр у Жыровічах і інш.

Тым часам у мусульманаў у Менску пакуль няма сваёй мячэці. На вялікія святы яны збіраюцца ў Доме прафсаюзаў або побач з недабудаванаю мячэццю.

Разам у Беларусі жывуць каля 80 тысяч мусульманаў. З іх каля 10 тысячаў – беларускія татары, якія былі запрошаныя на нашую зямлю для абароны межаў Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў 1397 г. вялікім князем Вітаўтам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары