Завяршылася папярэдняе расследаванне ў справе аб тэракце ў Менскім метро


Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага пракурора Беларусі, кіраўнік следчай групы Андрэй Швед. 1 жніўня матэрыялы справы – больш за 550 тамоў – перадалі пракурору для накіравання ў суд. Хутчэй за ўсё, справа будзе слухацца ў Вярхоўным судзе.

Паводле Шведа, Кавалёву ставяць у віну больш за 15 эпізодаў злачыннай дзейнасці, звязанай з удзелам у акцыі тэрарызму ў Менскім метро, незаконным абаротам выбуховых рэчываў, неданясеннем пра злачынства і ўкрывальніцтвам прылады злачынства.

Канавалаву ставяць у віну 30 эпізодаў злачыннай дзейнасці, у тым ліку чатыры акты тэрарызму, незаконны абарот выбуховых рэчываў, асабліва злоснае хуліганства і наўмыснае пашкоджанне маёмасці. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае арт. 289 Крымінальнага Кодэксу («Тэрарызм»), – смяротная кара.

Як адзначыў Андрэй Швед, з першых дзён расследавання падазраваным, а затым абвінавачваным была забяспечаная абарона. Хадайніцтваў, скаргаў і заяваў з іхнага боку і з боку адвакатаў не паступала.

Намеснік генпракурора паведаміў: падчас расследавання крымінальнай справы і аператыўна-вышукавых дзеянняў не было выяўлена ўскосных сведчанняў таго, што за абвінавачанымі стаялі якія-небудзь спонсары ці замоўцы. «Канавалаў і Кавалёў дзейнічалі самастойна», – падкрэсліў ён.

Паводле Андрэя Шведа, першае злачынства абвінавачаныя здзейснілі ў 2000 г. На іхным рахунку – 15 забітых і сотні пакалечаных, а страта ад іхных дзеянняў перавысіла 2 млрд руб., заявіў намеснік генпракурора.

Ён адзначыў, што нічога незвычайнага ў даце 11 красавіка 2011 г. (дзень тэракту ў Менскім метро) няма. «Злачынства магло быць учыненае як 10-га, так і 12 красавіка. 11 красавіка тэракт быў здзейснены Канавалавым і Кавалёвым у сілу збегу акалічнасцяў», – заявіў Швед.

Намеснік генпракурора падкрэсліў: ніякай сувязі паміж абвінавачанымі ў выбуху ў Менскім метро і нарвежскім тэрарыстам Андэрсам Брэйвікам «няма і быць не можа». «Гэта журналісцкая выдумка», – дадаў Швед.

belsat.eu

Стужка навінаў