«Беларусьфільм» экранізуе Караткевіча


Гэтым разам айчынныя кінематографы задумалі фільм жахаў па матывах «Чорнага замку Альшанскага».

Генеральны дырэктар Алег Сільвановіч кажа, што кінастудыя мае выключныя правы на экранізацыю твору Уладзіміра Караткевіча. «Цяпер мы распрацоўваем сюжэт і вядзем перамовы з партнёрамі. Гэта будзе супольны праект з кінакампаніяй «ТРО Союз». Ідэя стварэння фільму ўжо пададзеная на разгляд Саюзнай дзяржавы», – паведаміў ён.

Першым кінапраектам Саюзнай дзяржавы быў фільм «Брэсцкая крэпасць» расейскага рэжысёра Аляксандра Кота. Асноўны акцёрскі склад таксама расейскі. Пракат фільму адкладаўся некалькі разоў, бо не было раўнамернага фінансавання. Больш сродкаў накіраваў расейскі бок. Агульны бюджэт склаў 7,5 млн долараў. Эксперты адзначаюць, што новая супольная стужка выйдзе хутчэй за ўсё па-расейску, хоць сам Караткевіч, як вядома, пісаў па-беларуску.

Кінакрытык Андрэй Расінскі ўзгадвае, што «Чорны замак Альшанскі» даўно цікавіць Ігара Вугольнікава – старшыню Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы: «Яшчэ два гады таму ён заявіў пра тое, што мае намер экранізаваць гэты твор. Думаю, кінастудыя «Беларусьфільм» проста захацела далучыцца да прывабнага праекту». Эксперт мяркуе, што Вугольнікаў найлепш рэалізаваўся ў якасці акцёра: «Ягоная прадзюсарская праца ў «Брэсцкай крэпасці» значна горшая. Атрымалася вельмі эпахальнае для Расеі кіно, але для Беларусі яно, па сутнасці, мала што значыць. Наогул такі архаічны фільм не вельмі ўпісваецца ў сучасны кінематограф».

Андрэй Расінскі выказвае перасцярогу, што «Чорны замак Альшанскі» згубіць сваю беларускую аўтэнтычнасць. Разам з тым ён лічыць, што для сучаснай экранізацыі твору Караткевіча найлепш пасуе жанр фільму жахаў.

belsat.eu

Стужка навінаў