Юрый Лінго: Вязні рэзалі сабе вены і жываты


У Глыбоцкай калоніі, каб спыніць здзекі адміністрацыі, зняволеныя вымушаныя былі рэзаць сабе вены. Інфармацыя з першых вуснаў прагучала падчас прэс-канферэнцыі, арганізаванай інфармацыйна-асветніцкаю ўстановаю “Платформа”.

Аб прававым бязмежжы ў адной з пенітэнцыярных установаў Беларусі распавёў былы вязень калоніі Юрый Лінго. Паводле яго, сёлета ў чэрвені на знак пратэсту супраць умоваў утрымання ў спецустанове вязні абвесцілі галадоўку і патрабавалі сустрэчы з генпракурорам. Замест гэтага адміністрацыя загадала жорстка збіць “бунтаўнікоў”. Баронячы сваё жыццё, некалькі сядзельцаў Глыбоцкай калоніі былі вымушаныя пайсці на крайнюю захаду – здзейснілі спробу суіцыду.

Сярод тых, хто вымушаны быў рэзаць сабе вены, аказаўся і 18-гадовы Ілля Кавернікаў. Як распавяла ягоная маці Святлана Пакунова, ейны сын быў збіты 12 ліпеня. “Яго закавалі ў кайданкі ды пачалі збіваць нагамі. Потым сына кінулі ў ШЫЗА”, – гаворыць спадарыня Пакунова. 29 ліпеня жанчына змагла пабачыцца з сынам: “У яго дагэтуль апухлыя рукі, на іх сляды ад кайданкоў. Ілля таксама паказаў мне велізарны шнар на руцэ, ён рэзаў сабе вены. І яшчэ, прашу прабачэння за падрабязнасці, мой хлопчык пісае кроўю”.

Іллю Кавернікава асудзілі на 2 гады зняволення за тое, што 17-гадовы на той момант хлопец быў нападпітку і вырашыў пракаціцца на чужым “Масквічы”. “Так, мой сын здзейсніў злачынства, за гэта ён нясе пакаранне. Але гэта не падстава забіваць яго”, – зазначае Святлана Пакунова. Паводле яе, Ілля цяпер вельмі запалоханы, але на спатканні ён заявіў маці: “Можаш распавесці пра ўсё гэта, горш усё роўна ўжо не будзе. Мяне могуць жывым адсюль не выпусціць”.

На прэс-канферэнцыі прысутнічала маці яшчэ аднаго вязня Глыбоцкай калоніі – Галіна Сяргеева. Пра збіццё свайго сына Усевалада Сяргеева і змяшчэння яго ў ШЫЗА яна даведалася выпадкова. Жанчыне патэлефанаваў адзін з былых вязняў, у размове ён зазначыў, што ніколі ў жыцці не бачыў гэтак моцна збітых людзей. Ужо колькі часу жанчына патрабуе ад кіраўніцтва калоніі даць ёй спатканне з сынам, аднак пакуль марна. Не дапамагаюць і скаргі ў Генеральную пракуратуру.

Як зазначыў кіраўнік “Платформы” Андрэй Бандарэнка, тое, што адбываецца ў Глыбоцкай калоніі, – не выключэнне. “Мы маем не папраўчую сістэму, а сістэму, што калечыць лёсы людзей, забірае іхнае здароўе і нават забівае іх. Мы заклікаем да супрацы Дэпартамент выканання пакаранняў, Генеральную пракуратуру, каб папраўчая сістэма сапраўды стала папраўчаю”, – зазначыў Андрэй Бандарэнка. Ён назваў праверку, што МУС правяло паводле фактаў суіцыду ў Глыбокім, “паспешліваю і з загадзя сфармаванымі высновамі”. Паводле Андрэя Бандарэнкі, “Платформа” гатовая падаць яшчэ масу доказаў таго, што насамрэч адбываецца ў калоніях і турмах Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў