Архітэктар: У Беларусі Лядовыя палацы – гэта Дамы культуры


Чарговы лядовы “Дом культуры” збіраюцца пабудаваць у Полацку.

Паводле старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, спартовы аб’ект будзе мець назву “Полацк-Арэна” і змяшчаць да 5 тысяч гледачоў. Гэта будзе ўжо сёмы спартовы комплекс такога кшталту ў вобласці.

Цяпер архітэктары праектуюць не проста крытыя хакейныя пляцоўкі, а шматфункцыянальныя аб’екты, дзе можна займацца рознымі відамі спорту, дадаюць да іх забаўляльныя пляцоўкі.

“Нашыя новыя Лядовыя палацы – гэта старыя добрыя Дамы культуры ў “Belarusian style”. Толькі тут культурны складнік падпарадкаваны спартоваму, а за савецкіх часоў было наадварот”, – сцвярджае архітэктар Дзмітрый Светашоў.

У склад будучага палацу ўвойдуць асобныя вучэбна-трэніровачныя залы для міні-футболу і гандболу, баскетболу і валейболу, сілавога рыхтавання і аэробікі. Прадугледжваюцца зала для мастацкай гімнастыкі, трэнажорныя залы і лячэбны цэнтр з саунаю. Таксама пабудуюць тэнісныя корты, стралковыя ціры, два футбольныя палі. Карыстацца з аздараўленчай інфраструктуры жыхары Полацку будуць платна.

Комплекс плануюць здаць у 2015 г. Колькі ён будзе каштаваць, пакуль не агучваюць.

belsat.eu

Стужка навінаў