Працоўныя і сацыяльныя пенсіі падвышаюцца на 13%


Пераразлік працоўных пенсій будзе зроблены, зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў за другі квартал 2011 года. У выніку пенсіі павялічацца ў сярэднім на 13% — з 669 да 757 тыс. рублёў.

У жніўні павялічацца і памеры сацыяльных пенсій. Для інвалідаў I групы (у тым ліку інвалідаў з дзяцінства) яны ўзрастуць з 85 да 100% бюджэту пражытачнага мінімуму (з 1 мая БПМ складае 343 тыс. 260 рублёў); інвалідаў з дзяцінства II групы — з 75 да 95% БПМ; інвалідаў II групы і дзяцей у выпадку страты карміцеля — з 65 да 85% БПМ; інвалідаў III групы (у тым ліку інвалідаў з дзяцінства) — з 55 да 75% БПМ.

Сацыяльныя пенсіі для дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў вырастуць: пры першай ступені страты здароўя — з 60 да 80% БПМ, другой — з 65 да 85% БПМ, трэцяй — з 75 да 95% БПМ, чацвёртай — з 85 да 110% БПМ.

Пераразлік працоўных і сацыяльных пенсій, згодна з указам, павінен быць праведзены таксама ў лістападзе гэтага года. Ён будзе зроблены, зыходзячы з сярэдняй зарплаты работнікаў па выніках трэцяга квартала. У выніку пенсіі павінны павялічыцца ў сярэднім на 7,9% — з 757 да 817 тыс. рублёў.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, штомесячныя дадатковыя расходы на выплату працоўных і сацыяльных пенсій з 1 жніўня складуць 220,6 млрд. рублёў, з 1 лістапада — 370,6 млрд. рублёў. У цэлым для рэалізацыі ўказаных захадащ спатрэбіцца 1,4 трлн. рублёў. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны валодае фінансавымі сродкамі ў неабходным аб’ёме, падкрэслівае прэс-служба.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары