"Наша нiва" аштрафаваная на 14 мільёнаў рублёў


Такое рашэнне прыняў 29 ліпеня суддзя Гаспадарчага суда Мінска Аляксандр Карамышаў, паведамляе рэдакцыя “Нашай нiвы”.

Рашэнне прынятае па адміністрацыйнай справе, якая была распачатая ГУУС Мінгарвыканкама па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі. Частка 3 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне сродкам масавай інфармацыі заканадаўства аб друку і іншых СМІ паўторна на працягу аднаго года пасля вынясення пісьмовага папярэджання) прадугледжвае пакаранне штрафам у памеры ад 100 да 500 базавых велічынь.

Гэта першы выпадак, калі адміністрацыйная справа ў дачыненні да СМІ была распачатая міліцыяй з падачы Міністэрства інфармацыі. Падчас слуханняў прадстаўнікі “Нашай нiвы” прасілі суддзю Карамышава прыпыніць разгляд справы, пакуль рэдакцыя не апратэставала папярэджанне Мінінфарма ад 6 ліпеня, якое і стала фармальнай прычынай для яго распачынання. Але суддзя гэта хадайніцтва не задаволіў, паведамляе рэдакцыя.

Не падзейнічалі на суддзю і аргументы аб тым, што адсутнасць індэкса ў выхадных даных аднаго з нумароў газеты — дробнае парушэнне, якое не закранула чые-небудзь інтарэсы. У той час як штраф, прадугледжаны за гэтае парушэнне КоАП, занадта вялікі для недзяржаўнай газеты.

Прадстаўнікі рэдакцыі таксама не пачулі ў судзе адказу на сваё пытанне: ці атрымлівалі папярэджанні ад Мінінфарма дзяржаўныя газеты, якія таксама маюць памылкі ў сваіх выхадных дадзеных.

У сваю чаргу прадстаўнік Мінінфарма звярнуў увагу суда на тое, што з 1991 года, за час існавання адноўленай “Нашай нiвы”, газета атрымала прыкладна дзесяць папярэджанняў, прычым апошнія чатыры — за два апошнія гады. Паводле яго слоў, ініцыюючы гэту справу, Мінінфарм звяртаў увагу на гэту “сістэматычнасць”.

Папярэджанні Мінінфарма ледзь не сталі прычынай закрыцця “Нашай нiвы”. Іск аб спыненні выпуску “Нашай нівы” быў пададзены Мінінфармам у Вышэйшы гаспадарчы суд на падставе артыкула 51 закона пра СМІ — з прычыны вынясення рэдакцыі на працягу года больш чым двух пісьмовых папярэджанняў за публікацыі з крытыкай улады. Аднак падчас судовага разгляду 12 ліпеня міністэрства раптам адклікала іск.

Пазней чыноўнікі растлумачылі адкліканне іску тым, што яны вырашылі “ўлічыць зварот рэдакцыі выдання і магчымасць пазасудовага ўрэгулявання сітуацыі, зыходзячы з прынцыпу свабоды масавай інфармацыі”. Аналагічнае рашэнне было прынята Мінінфармам у дачыненні да яшчэ адной недзяржаўнай газеты — “Народная воля”, якой таксама пагражала закрыццё.

belsat.eu

Стужка навінаў