На плошчы Незалежнасці нельга будзе паліць нават у кавярні


У сталіцы абяцаюць стварыць “зоны, свабодныя ад тытуню”.

Адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску прыняла адмысловае рашэнне: на плошчы Незалежнасці паліць забаронена. Прычым не толькі на вуліцы, але і ва ўсіх будынках: Дом ураду, два ўніверсітэты, прыватныя кавярні ды рэстарацыі.

Ініцыятар забароны – Міністэрства аховы здароўя. Ужо некалькі гадоў яно патрабуе ад муніцыпальных уладаў стварыць бар’еры такога кшталту. “Важным складнікам эфектыўнай барацьбы з паленнем з’яўляецца сацыяльная непрымальнасць гэтай з’явы”, – гаворыцца ў прэсавым рэлізе міністэрства.

Чыноўнікі таксама ўдакладняюць, што за апошнія чатыры гады назіраецца негатыўная тэндэнцыя павелічэння долі тых, хто спрабаваў паліць, сярод дзяцей і падлеткаў. Дасягнуты дастаткова высокі ўзровень пасіўнага палення сярод насельніцтва. Больш за палову апытаных вымушаныя быць побач з людзьмі, якія паляць (дома, у гасцях, на працы і г. д.).

У кавярні “Дрожджы”, што месціцца акурат на плошчы Незалежнасці, яшчэ не атрымлівалі загаду забараніць кліентам паліць. “Мы павінны ісці насустрач сваім кліентам, таму лагічней зрабіць зону для тых, хто паліць, і свабодную зону. Татальная забарона ўсё адно нічога не развяжа”, – лічыць адміністратар.

Грамадскае аб’яднанне “Добрая воля” распрацоўвала народную праграму барацьбы з паленнем. Старшыня Леанід Скорабагаты лічыць, што захады Міністэрства аховы здароўя ў барацьбе са шкоднаю звычкаю недастатковыя. “ Мала праводзіць акцыі забарончага характару, – кажа суразмоўца. – Даказана, што самая эфектыўная захада – гэта павысіць кошты на тытунёвыя вырабы. У каралеўстве Бутан паленне забароненае ў маштабах усёй краіны. Тытунь не прадаецца наагул, а прывезены з-за мяжы абкладаецца мытам у памеры 100 %. Паліць можна толькі ў сваёй кватэры. Магчыма, гэта занадта радыкальныя крокі, але ва ўсіх цывілізаваных краінах забаронена паліць як мінімум у грамадскіх месцах. У нас фармальная забароны распаўсюджваюцца толькі на ўстановы адукацыі ды аховы здароўя”.

Курцоў на плошчы Незалежнасці будуць здымаць на відэакамеру і штрафаваць. У рэгіёнах жа сітуацыя без зменаў – антытытунёвая прапаганда застаецца на паперы. Дарэчы, паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі паліць больш за 3 млн чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў