Дзяржава пераняла ідэю і вучыць інвалідаў прадпрымальніцтву


У Беларусі стартавала новая дзяржаўная праграма падтрымання людзей з асаблівасцямі ў развіцці.

Праграму распрацоўваў Інстытут павышэння кваліфікацыі пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Каардынатар праекту Валянціна Каралёва паведаміла, што цяпер праходзіць навучанне першая група – усяго 12 чалавек. “Яны атрымліваюць базавыя веды ў вядзенні бізнесу, афармленні сваёй справы. Для інвалідаў зроку арганізуюць дадатковыя заняткі камп’ютарнага навучання”, – патлумачыла яна. Адукацыйныя курсы аплочваюцца з дзяржбюджэту.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДзІМІ) у Асіповічах Аксана Цвірко кажа, што з такімі ініцыятывамі ўжо некалькі гадоў працуюць грамадскія арганізацыі. “У нас распрацаваная методыка навучання, таму лагічней было б аб’яднацца з дзяржаваю. Напрыклад, мы арганізоўваем навучанне для моладзі, якая скончыла школу. За год у праекце ўдзельнічае каля 100 чалавек. Усе выдаткі бяруць на сябе бацькі. Штосьці атрымліваем ад замежных партнёраў. Дапамогі ад дзяржавы цяпер няма”.

БелАДДзІМІ накіравала зварот у Міністэрства працы з прапановай аб’яднаць сілы ды ідэі ў навучанні людзей з асаблівасцямі ў развіцці. Усяго ў рэспубліцы 502, 2 тыс. інвалідаў. Агульная грашовая дапамога з бюджэту на іхнае падтрыманне сёлета склала 21,3 млрд руб.

belsat.eu

Стужка навінаў