Дзіянаў: Давайце створым раду, якая будзе дзеяць праз “Skype”


Інакш “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” можа зайсці ў тупік, лічыць адзін з адміністратараў інтэрнэт-супольнасці з аднайменнаю назваю Вячаслаў Дзіянаў. Пра гэта ён піша ў адкрытым лісце, апублікаваным “ВКонтакте”.

Паводле Дзіянава, рада арганізоўвання пратэстаў мусіць складацца з палітыкаў, аналітыкаў, палітолагаў ды іншых вядомых асобаў, дзейнасць сваю можа каардынаваць дыстанцыйна.

“Давайце разам вырашым, што рабіць людзям, якія пратэсты арганізоўваць, куды далей рухацца, – звяртаецца Дзіянаў у адкрытым лісце да патэнцыяльных удзельнікаў будай рады. – Ваш аўтарытэтны голас і вашыя рашэнні цяпер патрэбныя як ніколі. “Skype” ёсць ва ўсіх. Прызначым час, напрыклад, адзін раз на тыдзень, калі мы зможам абмеркаваць важныя пытанні ды прыняць рашэнні пра акцыі ды далейшую дзейнасць; а мы як інтэрнэт-актывісты зробім усё магчымае, каб пераўтварыць нашыя агульныя планы ў жыццё”.

Як адзначыў Дзіянаў, ягонае рашэнне выступіць з адкрытым лістом звязана з тым, што “ініцыятыва “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” можа зайсці ў тупік”. “Цяжка гэта прызнаваць, але мы імкнемся быць шчырыя адзін з адным. Мы стараліся зрабіць усё, каб аб’яднаць беларускае грамадства, але не ўлічвалі важнага фактару: нам не хапала досведу, дзесьці нашыя ідэі былі максімалісцкія. З-за гэтага мы сутыкнуліся з шэрагам праблемаў”, – гаворыцца ў лісце.

Дзіянаў таксама заяўляе, што яму “не хапае ні палітычнага досведу, ні асобасных якасцяў, ні аўтарытэту ў Беларусі”. “Дый маё месцазнаходжанне не дазваляе сказаць, што я разам з тымі людзьмі, якія выходзяць на плошчу. Я ўсё гэта разумею і прызнаю. Прапановаў паступала шмат, але я бачыў у іх ці пагрозу, ці няправільнасць меркаванняў. Гэта мая памылка, маё суб’ектыўнае неразуменне ўсёй карціны падзеяў. Адсюль з’явіліся асабістыя крыўды на мяне: што са мной не дамовіцца, што я раблю гэта толькі з-за асабістай выгады. Я прызнаю свае памылкі ды памылкі нашай групы”.

Тым не менш Дзіянаў лічыць, што “трэба шукаць выйсце, бо ідэя жывая”. “Сацыяльныя сеткі – гэта сувязь з людзьмі, гэта магчымасць быць пачутым і гэта адзін з механізмаў арганізацыі ды правядзення акцыяў пратэсту. Пакуль ідэя жывая і не забытая, трэба зрабіць усё магчымае, каб яна не згасла, каб тыя людзі, якія паверылі, што можна перамагчы гэту цемру, былі разам!” – гаворыцца ў адкрытым лісце.

“Людзі верылі ў тое, што перамены магчымыя. Таму я прашу ўсіх, хто жадае пераменаў у Беларусі: давайце разам будзем прымаць рашэнні наконт правядзення акцыяў, іх фармату і далейшай дзейнасці. Беларусам патрэбныя лідары! Усё, што ў нас ёсць, – гэта група “ВКонтакте”, платформа ўзаемадзеяння, месца, дзе кожны можа выказацца і быць пачутым. “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” – гэта механізм арганізоўвання пратэстаў, і ён не мусіць быць толькі нашай уласнасцю. Мы разам можам зрабіць так, каб РПСС была максімальна карысная грамадству”, – заяўляе Дзіянаў.

Як паведамляе прэс-служба РПСС, на ўдзельнікаў супольнасці ціснуць. 28 ліпеня актывіста Сяргея Бяспалава выклікалі ў Фрунзенскае РУУС Менску і папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці за ўдзел у маўклівых акцыях. Прэс-служба паведамляе, што актывіст “пад прымусам падпісаў распіску аб тым, што абяцае больш не з’яўляцца на акцыях і не ўдзельнічаць у распаўсюджванні інфармацыі пра акцыі ў інтэрнэце”. Перад гэтым Бяспалаву некалькі дзён тэлефанавалі з невядомых нумароў і, не называючы сябе, “абяцалі праблемы, калі ён і далей будзе хадзіць на маўклівыя акцыі пратэсту”.

Акцыя маўклівага пратэсту 27 ліпеня стала самай малалікай і непрыкметнай. Яна праводзілася ў новым фармаце: змяніліся час (13:00 замест звыклых 19:00) і месца (найбуйнейшыя рынкі гарадоў замест цэнтральных плошчаў).

belsat.eu

Стужка навінаў