Арэнда офісу ў Менску каштуе даражэй, чым у Нью-Ёрку і Дубаі


Сталіца Беларусі трапіла ў спіс 50 самых дарагіх гарадоў свету паводле кошту арэнды офісаў.

У штогадовым рэйтынгу, які складае кансалтынгавая кампанія “Colliers International”, Менск апынуўся на 41-м месцы.

На сусветным рынку стаўка арэнды офісаў складае ад $ 13 да $ 44 за квадратны метр на месяц. У Менску летам кошты сягалі $ 42,2.

Паводле звестак кампаніі “Твая сталіца”, у Менску працуюць 43 бізнес-цэнтры. З іх 22 адносяцца да самага нізкага класу “С”, 17 – да класу “В”, і толькі чатыры – да класу “А” (“Няміга-Сіці”, “Аляксандраў пасаж”, “Silver Tower”).

Дырэктар беларускага прадстаўніцтва кампаніі “Colliers International” Андрэй Алёшкін мяркуе, што нават тыя, што адносяцца да найвышэйшага класу, не адпавядаюць міжнародным стандартам: “Офісаў класу “А” ў Беларусі няма. Бо ў нас няма сістэмы кіравання, якая б аўтаматычна закрывала жалюзі пад уздзеяннем сонечных прамянёў. У нас няма высокахуткаснага інтэрнэту. А гэта абавязковыя ўмовы. Такім чынам, рынак офісаў у Беларусі пакуль не развіты належным чынам”.

Тым часам спецыялісты ўпэўненыя, што крызіс закрануў сталічны рынак офіснай нерухомасці. Меркавалася, што да 2012 г. ён мусіць запоўніцца аб’ектамі рознага класу камфорту. Але тэмпы будаўніцтва знізіліся, некаторыя інвестары замарозілі свае праекты або аддалі перавагу будаўніцтву жылых дамоў: кватэры прасцей прадаць. Таму да міжнародных стандартаў якасці Менск можа наблізіцца не раней за 2015 г.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары