Пакаралі амаль па максімуме


«Нашу Ніву» аштрафавалі на 14 млн руб. (400 баз. вел.) за адсутнасць падпіснога індэксу ў адным з нумароў выдання. Такое рашэнне прыняў суддзя Гаспадарчага суда Менску Аляксандр Карамышаў.

Рэдактар выдання Андрэй Скурко лічыць пакаранне несувымерным здзейсненаму газетаю парушэнню і ўказвае на тое, што санкцыі прымянілі яшчэ да таго, як газета паспела абскардзіць вынесенае ёй 6 ліпеня папярэджанне, якое і сталася фармальнаю падставаю для адкрыцця адміністратыўнай справы. «Калі суд, дата якога яшчэ не прызначаная, адменіць нам тое папярэджанне, то выявіцца, што і сённяшні прысуд не меў пад сабою падставаў», – зазначае Андрэй Скурко.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец упэўнены: гэтым вялізарным штрафам газета расплочваецца за тое, што пад ціскам міжнароднай і беларускай супольнасці Міністэрства інфармацыі вымушанае было адклікаць свой пазоў на закрыццё выдання. «Некалькі гадоў таму міністр інфармацыі зазначыў, што папярэджанне не ёсць эфектыўным метадам уздзеяння на рэдакцыі. Маўляў, трэба караць рублём. І вось мы бачым першую спробу фінансава задушыць выданне», – гаворыць Андрэй Бастунец.

Артыкул 22.9 КоАП прадугледжвае вельмі жорсткія санкцыі – ад 100 да 500 баз. вел. штрафу. Выданне пакаралі амаль па максімуме, зазначае юрыст. «Яшчэ паказальна, што пратакол па гэтым артыкуле складае нават не Міністэрства інфармацыі, а міліцэйскія структуры», – падкрэсліў Андрэй Бастунец.

Адміністратыўную справу супраць «Нашай Нівы» пачало ГУУС Менгарвыканкаму. Падставаю стаўся той факт, што выданне атрымала цягам года два папярэджанні. Аналагічную справу пачалі супраць яшчэ аднаго незалежнага выдання – газеты «Народная Воля».

belsat.eu

Стужка навінаў