Вялікія жарсці вакол малых формаў


Маладзечанскія пурытане збіраюць подпісы супраць скульптурнай кампазіцыі, што мае ўпрыгожыць фантан на цэнтральнай плошчы гораду.

«Гэта мастацтва можа выклікаць непажаданыя наступствы, асабліва ў моладзі. Маладое дзяўчо кліча хлопца за сабою. Але куды?», – угледзеў «сексагенна-эратычны падтэкст» у скульптуры адзін з ініцыятараў збору подпісаў, пенсіянер Алег Ахрамовіч. Хваляванні пенсіянераў актыўна падтрымала і кіраўніца духоўна-асветніцкага аб’яднання «Светач» мясцовага Палацу культуры Ларыса Сысун. Яна называе працу вядомага скульптара Уладзіміра Жбанава «поўнай амаральнасцю» і «поцягам плоці». Паводле Ларысы Сысун, супраць кампазіцыі ўжо выказаліся 100 жыхароў гораду, і збор подпісаў працягваецца.

Пачаць усталёўваць скульптуру гарадскія ўлады плануюць 2 жніўня. Аднак скульптар Уладзімір Жбанаў хвалюецца, каб маральны скандал не перашкодзіў гэтым планам. Аўтар кампазіцыі прызнаўся «Белсату», што вельмі здзіўлены рэакцыяй на свой твор. «Па-першае, ніякія гэта не Адам і Ева. Замоўцы прасілі зрабіць нешта на тэму Купалля. Я прапанаваў некалькі варыянтаў, і гэты быў зацверджаны», – адзначае Уладзімір Жбанаў.

Дарэчы, замоўцам выступала мясцовае ўпраўленне культуры, а працу ацэньваў губернатар Барыс Батура. Уладзімір Жбанаў спадзяецца, што розум у чыноўнікаў перавысіць страх, і «Залаты трыліснік, або Купалле» (такую працоўную назву мае кампазіцыя) упрыгожыць музычны фантан у цэнтры Маладзечна.

Скульптар упэўнены, што ніякага «сексагенна-эратычнага падтэксту» бронзавыя хлопец і дзяўчына ў сабе не нясуць: «У юнака бачная толькі частка сцягна. А ў дзяўчыны што прыкрываць? Яна выглядае, як прыгожы марскі каменьчык, там проста пяшчотныя формы і ўсё. І дзе вы бачылі, каб у Купальскую ноч выходзілі на бераг ракі ў нацыянальных строях? У горадзе, падчас тэатральнага дзейства, можа і так, але ў вёсках дагэтуль Купалле адзначаюць паводле паганскім абрадаў».

Рэха скандалу дакацілася ўжо да губернатара Міхаіла Батуры. «Жыць трэба прыгожа! Чаму мы ўсё павінны выстаўляць у цёмных колерах? Чаму ў цэнтры гораду павінен стаяць толькі помнік Леніну? Чаму там не павінна стаяць гэтая кампазіцыя – музычны фантан? Гэта ж прыгожа», – заявіў кіраўнік Менскай вобласці.

«Белсат» звярнуўся да галоўнага абаронцы беларускай маральнасці. Старшыня грамадскай рады ў пытанні маральнасці Мікалай Чаргінец, які раней спрабаваў не дапусціць выступу нямецкага гурта «Rammstein» і рэзка асуджаў шоу порна-зоркі Каці Самбукі ў сталічным клубе «Брадвей», пра маладзечанскія жарсці нічога не чуў. «Гэта ж творчасць. Няхай ацэньваюць спецыялісты, скульптары, мясцовыя ўлады, і прымаюць рашэнне наконт кампазіцыі», – пакінуў ён лёс скульптуры ў руках чыноўнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў