Юрый Чавусаў: Смяротнае пакаранне – казырная карта ў гульні з Захадам


Палітолаг мяркуе, што магчымае скасаванне смяротнага пакарання ў Беларусі можа стаць прадметам палітычнага гандлю з заходнімі краінамі.

“Матывацыя юрыдычная – у першую чаргу гэта спасылкі на рэферэндум, які адбыўся ў мінулым дзесяцігоддзі, пра тое, што смяротнае пакаранне захоўваецца як часовая захада, – гаворыць Юрый Чавусаў. – Але генеральна Беларусь захоўвае смяротнае пакаранне як казырную карту ў гандлі з Захадам. Бо, натуральна, два, тры, чатыры ўжывання смяротнага пакарання карціны злачыннасці ў краіне не змяняюць”.

На думку палітолага, улады Беларусі могуць выкарыстоўваць тэму магчымага скасавання смяротнага пакарання для гандлю з Захадам. “Але гандаль прыпыніўся, лібералізацыя прыпынілася, таму ўлады прытрымліваюць гэтую “цукерку” да наступнага раўнду, калі пойдзе дыялог і гэтак званая лібералізацыя, каб прадаць Захаду гэтую карту як мага даражэй”, – заявіў Юрый Чавусаў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Эксперт падкрэслівае, што смяротнае пакаранне мае незваротны характар. “Нават калі чалавек будзе апраўданы, жыццё яму ўжо не вернеш”, – дадаў Юрый Чавусаў.

Беларусь застаецца адзінаю краінаю ў Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Пасля адмены смяротнага пакарання ва Узбекістане нашая краіна застаецца апошняю з дзяржаваў на постсавецкай прасторы, якая ўжывае гэты від пакарання. На мінулым тыдні стала вядома, што прывелі ў выкананне два смяротныя выракі – расстралялі дваіх жыхароў Горадні. Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыку асудзілі за забойства, здзейсненае з асабліваю жорсткасцю. Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка памілаваць асуджаных адмовіўся.

belsat.eu

Стужка навінаў