Калі Лукашэнка сыдзе...


Захад мусіць падрыхтаваць пакет эканамічнай ды палітычнай дапамогі для Беларусі на выпадак сыходу Аляксандра Лукашэнкі з улады. Пра гэта заявіў старшыня амерыканскай праваабарончай арганізацыі “Freedom House” Дэйвід Крэймэр (David Kramer), выступаючы ў камітэце замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША 26 ліпеня – паведаміла прэс-служба амбасады ЗША ў Менску.

“Несумненна, Аляксандр Лукашэнка ходзіць па самым тонкім лёдзе за ўсё сваё палітычнае жыццё, і мы, магчыма, будзем святкаваць ягоны сыход з улады”, – заявіў Крэймэр.

Паводле яго, “цяжкасці, што перажываюцца зараз беларусамі, прымушаюць шмат каго з іх пратэставаць на вуліцах, нягледзячы на рызыку атрымаць калецтвы ды трапіць у турму”. “Гэтае ўзрастанне незадаволенасці і разняволенне людзей па ўсёй краіне, а не толькі ў Менску, паказвае, што беларусы вырашылі больш не баяцца”, – мяркуе Крэймэр.

Ён таксама зазначыў, што ўзровень падтрымання Лукашэнкі насельніцтвам упаў ніжэй за 30 % – гэта самы меншы паказнік з часу ягонага прыходу да ўлады ў 1994 годзе.

Паводле словаў Крэймэра, вынік падзеяў у Беларусі мае вялікае значэнне для ЗША і Еўропы: наяўнасць жорсткай дыктатуры “супярэчыць бачанню адзінай, свабоднай і мірнай Еўропы, якое існавала дзесяцігоддзямі”.

“Калі Лукашэнка паспрабуе працягнуць сваё кіраванне шляхам продажу каштоўных эканамічных актываў краіны Маскве, ён аслабіць незалежнасць і стабільнасць Беларусі, – сказаў Крэймэр. – Вось чаму, узмацняючы ціск на рэжым, Захад таксама мусіць падрыхтаваць пакет эканамічнай ды палітычнай дапамогі на выпадак, калі Лукашэнка ўцячэ з краіны ці будзе адхілены ад улады тым ці іншым чынам. Атачэнне Лукашэнкі павінна ведаць, што за сыходам Лукашэнкі надыдзе светлая будучыня”.

“Для таго, каб Беларусь заняла сваё законнае месца як еўрапейская нацыя-дзяржава, неабходна безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, адмена рэпрэсіўных захадаў бяспекі, падтрыманне незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці, павага да вяршэнства закону і свабодныя і канкурэнтныя выбары”, – падкрэсліў старшыня “Freedom House”.

belsat.eu

Стужка навінаў