Багданкевіч: Ермакова – гэта чалавек, адданы асабіста Лукашэнку


Аднак у адрозненне ад свайго папярэдніка Пятра Пракаповіча новая старшыня галоўнага банку краіны Надзея Ермакова – адмысловец у фінансавай сферы, адзначае экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Станіслаў Багданкевіч адзначае, што на папярэдняй пасадзе – старшыні «Беларусбанку» – Надзея Ермакова крэдытавала найважнейшыя ўрадавыя праекты, у тым ліку самыя малаэфектыўныя: «Яна была сапраўднай выканаўцай ягонай волі. Гэта чалавек, адданы асабіста Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку».

Пры гэтым суразмоўца падкрэслівае розніцу ў задачах Нацбанку ў параўнанні з камерцыйнымі банкамі: «Камерцыйны банк збірае дэпазіты, уклады і крэдытуе эканоміку за кошт гэтых рэсурсаў. Нацбанк па сутнасці ёсць не банкам, а ўстановаю, якая незалежна ад ураду мусіць аналізаваць стан эканомікі ды забяспечваць для яе стабільную нацыянальную валюту і стабільны абменны курс. Гэта іншыя задачы. На пасадзе старшыні Нацбанку мае быць аналітык».

Эксперт дадае: у адрозненне ад камерцыйных Нацбанк мае друкарскі станок, таму вельмі важна, каб яго ачольвала асоба, не залежная ад выканаўчай, заканадаўчай ці іншай улады. «У адрозненне ад Пракаповіча яна спецыяліст у банкаўскай і фінансавай сферы. Але тут патрэбная іншая асоба, асоба, якая б пярэчыла, якая магла б смела сказаць «не», якая не друкавала б лішніх грошай, што прыводзяць да абясцэньвання прыбыткаў насельніцтва», – зазначае Станіслаў Багданкевіч.

Якія задачы стаяць перад кіраўніцаю Нацбанку ў сітуацыі, што склалася ў беларускай эканоміцы? «У першую чаргу яна мае заняцца цэнамі на спажывецкім рынку. Гэта задача нумар адзін старшыні эмісійнага банку. У некаторых краінах (напрыклад, у Новай Зеландыі) нават у законе прапісана: калі кошты растуць больш, чым на 3–5 %, старшыня такога банку аўтаматычна вызваляецца ад пасады, не патрэбнае нават рашэнне парламенту. Другая задача – стабільнасць на валютным рынку», – мяркуе экс-старшыня Нацбанку.

belsat.eu

Стужка навінаў