Вязні зрабілі спробу самагубства ў адказ на масавае збіццё


Выпадак здарыўся ў чэрвені ў Глыбоцкай калоніі № 13.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, некалькі зняволеных Глыбоцкай папраўчай калоніі № 13 (Віцебская вобласць) спрабавалі скончыць жыццё самагубствам. Пра гэта паведаміў Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа», якая займаецца пытаннямі выканання заканадаўства ў папраўчых установах.

Інфармацыя паступіла ад чалавека, які нядаўна вызваліўся з Глыбоцкай калоніі. Ён распавёў, што ў чэрвені асуджаныя ПК-13 абвесцілі галадоўку. Такім чынам яны пратэставалі супраць парушэнняў заканадаўства з боку адміністрацыі калоніі, у тым ліку супраць жорсткага ўжывання фізічнай сілы ў дачыненні зняволеных. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генеральным пракурорам Беларусі.

«У адказ адміністрацыяй калоніі ў перыяд з 16 да 22 чэрвеня былі масава збітыя асуджаныя. Большасць з тых, хто быў падвергнутыя такім захадам, не маглі перасоўвацца самастойна, аднак медычная дапамога ім не аказвалася. Некаторыя былі змушаныя звярнуцца да экстрэмальных спосабаў самаабароны – спробаў суіцыду. Гэтак, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і годнасці, ускрылі сабе вены і жывот», – расказаў Андрэй Бандарэнка.

На падставе атрыманых фактаў 27 ліпеня ўстанова «Платформа» накіравала ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС, Генеральную пракуратуру і ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС зварот з патрабаваннем расследаваць інцыдэнты ў папраўчай калоніі № 13 гораду Глыбокае.
Падрабязнасці будуць агучаныя 1 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску. У ёй плануюць удзельнічаць сведкі катаванняў, імёны якіх не называюцца з меркаванняў іхнай бяспекі. Атрымаць каментар у дэпартаменце выканання пакаранняў МУС пакуль не атрымалася.

belsat.eu

Стужка навінаў