Да Яўгена Ліпковіча прыйшлі з ператрусам (абноўлена)


Па месцы жыхарства вядомага блогера прыйшлі старэйшы лейтэнант міліцыі Дзмітрый Бізуноў і падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рэбкала.

«Яны паказалі пастанову, у якой пазначана, што ператрус праводзяць паводле крымінальнай справы аб знявазе дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. І што ў кватэры могуць знаходзіцца рэчы і дакументы, што маюць значэнне для расследавання», – паведаміла «Белсату» жонка блогера Вольга Ліпковіч.

Паводле жанчыны, ператрус пакуль не пачаўся – міліцыянты чакаюць панятых і запаўняюць неабходныя паперы. У якасці панятых сям’я Ліпковічаў папрасіла прысутнічаць праваабаронцу Алену Танкачову і юрыста Дар’ю Каткоўскую.

Паводле праваабаронцы Алены Танкачовай, што прысутнічала падчас ператрусу ў Яўгена Ліпковіча ў якасці панятой, гэта выглядае як помста ўплывовага чыноўніка.

“Для мяне відавочна, што ўсё робіцца па замове спадара Мікалая Чаргінца. Гэта такі варыянт помсты з боку ўплывовай у нашай дзяржаве асобы”, — зазначае Алена Танкачова. Яна называе падставу для узбуджэння крымінальнай справы “за знявагу дзяржаўных сімвалаў” надуманнай і ўказвае на тое, што узбуджана яна намеснікам генеральнага пракурора Мікалаем Куклісам.

“Я абавязкова буду назіраць, як будуць далей развівацца падзеі. Але ўжо сёння для мяне зразумела, што гэтая справа — спроба пасягальніцтва на свабоду слова, на выказванне меркаванняў. І шчыра гаворачы, мне зусім незразумела як яны збіраюцца даказваць, што Яўген Ліпковіч мае непасрэдные адносіны да размешчаных у «LiveJournal» зняважлівых выяваў дзяржаўнага сцягу”, — гаворыць Алена Танкачова. Праваабаронца таксама паведаміла, што падчас ператрусу ў Яўгена Ліпковіча забралі ноўтбук. Шукалі яшчэ носьбіты інфармацыі і флэш-карткі, але нічога гэтага ў кватэры блогера не было.

Жонка блогера Вольга Ліпковіч падтрымлівае меркаванне праваабаронцы і нагадвае, што нагодаю для помсты сталася правядзенне «Дня абароны маладой беларускай маральнасці», на якім былі спаленыя некалькі кнігаў Чаргінца. Яўген Ліпковіч лічыць гэтую кнігу прыкладам парнаграфічнай літаратуры і патрабуе забараніць яе свабодны продаж.

Сам блогер ніякіх каментароў у звязку з ператрусам не дае. «Я не маю права каментаваць следчыя дзеянні, бо даваў падпіску аб неразгалошванні», – нагадаў Яўген Ліпковіч.

Крымінальная справа была пачатая паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу сёлета 20 траўня на падставе матэрыялаў, размешчаных у «LiveJournal» нібыта на блогу Яўгена Ліпковіча.

belsat.eu

Стужка навінаў