Віражы статыстыкі: павысіўся індэкс прамысловага аптымізму


Кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў настроенае аптымістычна адносна развіцця рэальнага сектару эканомікі. Такія вынікі чэрвеньскага апытання атрымаў навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Интерфакс-Запад». «За месяц доля песімістычна настроеных кіраўнікоў скарацілася з 34 да 23 %», – гаворыцца ў паведамленні. Пры гэтым падкрэсліваецца, што большасць дырэктарату – 76 % – мяркуе, што ў бліжэйшыя месяцы сітуацыя на іхных прадпрыемствах «палепшыцца або застанецца ранейшаю».

«Пазіцыя беларускіх кіраўнікоў праяўляецца ў павелічэнні індэксу прамысловага аптымізму, які павысіўся ў параўнанні з чэрвенем на 2 [адсоткавыя] пункты і вярнуўся на ўзровень 2007–2008 гадоў», – канстатуецца ў паведамленні навукова-даследчага інстытуту. Дырэктары прадпрыемстваў распавялі, што запасы гатовай прадукцыі на складах змяншаюцца, растуць тэмпы вытворчасці і попыт, прычым як на ўнутраным, гэтак і на знешнім рынку.

Сярод асноўных фактараў, якія стрымліваюць развіццё прамысловасці, апытаныя назвалі высокія цэны на сыравіну і матэрыялы ды нястачу абаротных сродкаў. Пры гэтым доля кіраўнікоў, для якіх ствараў цяжкасці няпэўны валютны курс, знізілася з 55 да 43 %.

Большасць кіраўнікоў паведамілі, што колькасць супрацоўнікаў прадпрыемстваў за апошні месяц не змянілася. А 93 % заявілі, што плануюць захаваць або павялічыць узровень занятасці на сваіх прадпрыемствах.

belsat.eu

Стужка навінаў