Палітвязняў пазбаўляюць права на абарону


Адвакатцы Мар’яне Сямешцы кіраўніцтва Горацкай калоніі адмаўляе ў сустрэчы з падабаронным Змітром Дашкевічам.

“Ніякіх тлумачэнняў, чаму немагчымая сустрэча, мы гэтак і не атрымалі”, – гаворыць нявеста палітвязня Наста Палажанка. Дзяўчына разам з адвакаткаю таксама цяпер ля калоніі: “Будзем чакаць, пакуль у кіраўніцтва спецустановы скончыцца абед, і Мар’яна Сямешка ізноў паспрабуе трапіць да Змітра”.

Наста Палажанка гаворыць, што намеснік кіраўніка калоніі Аляксандр Лапацін іхным прыездам быў вельмі незадаволены. Спачатку ён заявіў, што пасля той негатыўнай інфармацыі, што распаўсюджваецца пра калонію ў інтэрнэце, да Зміцера Дашкевіча яны ўвогуле пускаць адваката не збіраюцца. Аднак крыху пазней вырашыў прыдаць сваёй адмове больш законнае абгрунтаванне.

“Яны спасылаюцца на тое, што нібыта вязень мусіць напісаць афіцыйны запыт на дапамогу адваката. Але як Зміцер Дашкевіч можа напісаць гэты запыт, калі ён перабывае ў карцэры? Кіраўніцтва калоніі проста выкарыстоўвае гэтую сітуацыю на сваю карысць. Але тым самым, безумоўна, парушае існае заканадаўства”, – гаворыць кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі адзначае, што апошнім часам адвакаты, што абараняюць палітычных, разам з незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі трапілі ў групу рызыкі. На ягонае меркаванне, улады ціснуць на абаронцаў наўмысна, каб тыя баяліся брацца за палітычна матываваныя справы. “Такім чынам, улада пазбаўляе патэнцыйных праціўнікаў існага рэжыму права на адвакацкую дапамогу, бо я не ведаю, хто з адвакатаў цяпер пагодзіцца рызыкаваць сваёй кар’ерай і брацца за палітычныя справы”, – адзначае спадар Бяляцкі.

Лідара апазіцыйнага “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча арыштавалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбывае ў калоніі ў Горках. Паводле інфармацыі паплечнікаў палітвязня, цяпер ён у карцэры. Кіраўніцтва Горацкай калоніі прычыны змяшчэння Зміцера Дашкевіча ў штрафны ізалятар не каментуе. Адвакатам ужо другі раз адмаўляюць у просьбе сустрэцца з вязнем.

belsat.eu

Стужка навінаў