Надзея Ермакова: Валюту трэба або пазычыць, або зарабіць


“Валюта з неба не зваліцца, яе трэба або пазычыць у кагосьці, або зарабіць”, – заявіла журналістам новая старшыня ўправы Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова 28 ліпеня пасля афіцыйнага знаёмства з калектывам установы.

“А каб зарабіць, трэба займацца развіццём экспарту, скарачэннем імпарту, імпартазамяшчэннем на прадпрыемствах, – цытуе Ермакову дзяржаўнае агенцтва БелТА. – Мая пазіцыя ў тым, што банкаўская сістэма мусіць працаваць на развіццё эканомікі ды задавальненне патрэбаў насельніцтва”.

У ліку найважнейшых задачаў, да выканання якіх мае імкнуцца Нацбанк, Ермакова назвала ўмацаванне золатавалютных рэзерваў, фармаванне іх у поўным неабходным аб’ёме, а таксама “стварэнне дадатковага запасу, які можна будзе пусціць у продаж на свабодны рынак”.

Адказваючы на пытанні пра сітуацыю на валютным рынку, кіраўніца Нацбанку зазначыла: валюты недастаткова, каб выдаваць яе ў абменных пунктах. Аднак гэта не самая галоўная праблема, падкрэсліла Ермакова. “У шмат якіх краінах валюта прадаецца несвабодна, але там эканоміка развіваецца і людзі жывуць. Не зусім правільна, каб у нас валюта ляжала ў кішэні. Рубля няма, хлеба не можам купіць, бо беражом у кішэні 15–20 долараў”, – сказала яна.

Адказваючы на пытанне пра тое, ці будуць у Нацбанку глабальныя кадравыя змены, Ермакова заявіла, што не прыхільніца такога падыходу: “Каманду Нацбанку я ведаю – яна зладжаная і нармальна працуе”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары