У Беларусі хочуць ліквідаваць фірмы, якія аказваюць юрыдычныя паслугі


Юрыстам забароняць ствараць камерцыйныя арганізацыі ў выпадку, калі будзе прынятая новая рэдакцыя закону “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці”.

Паводле законапраекту, усе юрысты і юрыдычныя фірмы, якія маюць адпаведныя ліцэнзіі на сваю дзейнасць, абавязаныя іх здаць і аказваць паслугі толькі ў межах калегіі адвакатаў, індывідуальна або ў форме адвакацкага бюро, без права ствараць камерцыйныя арганізацыі.

Такім чынам, юрыстам давядзецца працаваць паасобку, што стварае нязручнасці як для спецыяліста, так і для спажыўца. Фірмы забяспечвалі сваім працаўнікам кліентуру. Сярод карыстальнікаў паслугаў, у сваю чаргу, кампаніі выклікаюць большы давер, чым юрысты, якія працуюць індывідуальна.

“Гэта значыць, што кампанію, у якую ўкладзена шмат высілкаў і грошай, прыйдзецца ліквідаваць, а працаўнікоў – звольняць. Рэформа дрэнна адаб’ецца на інвестыцыйных праектах. Бо як будуць глядзець патэнцыйныя замежныя партнёры на краіну, дзе юрысты не змаглі абараніць не тое што інтарэсы інвестара, але і свой уласны бізнес?! Не асобную юрыдычную кампанію, а ўсю сферу юрыдычных паслугаў?!” – адзначае дырэктар ТАА “БКС-Права” Святлана Бабінцава.

Аглядальнік часопісу “Асабісты юрыст” Аляксандр Жук мяркуе: “Трэба бачыць і ацэньваць наступствы зменаў. Інтарэсы ўсіх бакоў мусяць быць задаволеныя, і мае захавацца двухузроўневасць прававой дапамогі. Бо менавіта адначасовая наяўнасць двух інстытутаў – адвакатуры і юрыстаў-гаспадарнікаў – дазваляе аказваць юрыдычную дапамогу з улікам спецыфічных патрэбаў усіх катэгорыяў кліентаў”.

Рэформу ініцыявала адвакатура. Сярод іншага, прадстаўнікі юрыдычных кампаніяў хацелі, каб працэдуру ўзгаднення рашэнняў па іх дзейнасці зрабілі больш празрыстаю, аператыўнаю і без бюракратызму. У адказ Міністэрства юстыцыі вырашыла ліквідаваць ліцэнзіі.

belsat.eu

Стужка навінаў