Надзею Ермакову прызначылі кіраўніцаю Нацбанку


Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 27 ліпеня. Як адзначаецца ў дакуменце, гэтае прызначэнне ўзгодняць з Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Пятра Пракаповіча вызвалілі з пасады старшыні ўправы Нацбанку ў сувязі з выхадам у адстаўку 18 ліпеня. У красавіку 2011 года ён перанёс сур’ёзную аперацыю на сэрцы. Пракаповіч адсутнічаў на працоўным месцы каля паўтара месяца і афіцыйна распачаў выкананне сваіх службовых абавязкаў 18 траўня.

Надзея Ермакова нарадзілася ў 1953 годзе ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікуму працавала ў Хоцімскім аддзяленні Дзяржбанку СССР: спачатку інспектарам, пасля намесніцаю кіраўніка.

У 1978 годзе завочна скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Была намесніцаю кіраўніка Кіраўскага аддзялення, а ў 1983 годзе ўзначаліла Шклоўскае аддзяленне Дзяржбанку. З 1984 да 1994 года – намесніца старшыні, загадчыца фінансавага аддзелу Шклоўскага райвыканкаму. Затым ізноў вярнулася ў банкаўскую сістэму.

Са студзеня 1996 года працавала намесніцаю старшыні ўправы “Беларусбанку”. У гэтым жа годзе яе прызначылі старшынёй управы банку. Чалец Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ першага і другога скліканняў. Намесніца старшыні сталай камісіі Савету Рэспублікі ў справах эканомікі, бюджэту і фінансаў.

Старшыня Беларускага саюзу жанчын (з 1999 года).

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары