Святкаванне незалежнасці: ускладанне кветак і канферэнцыя


25 жніўня плануецца “правесці па ўсёй рэспубліцы акцыю памяці, падчас якой будуць ускладзеныя кветкі да помнікаў дзеячам адраджэння ХХ стагоддзя”. Пра гэта расказаў намеснік старшыні “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка.

Партыя БНФ, БХД, рух “За Свабоду” і міжнароднае аб’яднанне “Малады фронт” стварылі аргкамітэт святкавання 20-годдзя незалежнасці Беларусі. Адным з пунктаў праграмы мае стаць буйная канферэнцыя, прысвечаная юбілейнай даце, распавёў намеснік старшыні руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Плануецца, што на канферэнцыі вядомыя гісторыкі, эканамісты і палітыкі будуць шукаць адказы на пытанне, што дала незалежнасць Беларусі і людзям.

Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, у сённяшніх умовах для беларусаў існуе небяспека “перастаць быць гаспадарамі на сваёй зямлі” – з-за магчымага продажу “расейскім алігархам буйных беларускіх прадпрыемстваў”. Такі продаж, на думку кіраўніка Партыі БНФ, “супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі”.

“Незалежнасць застаецца пад пагрозаю”, лічыць сустаршыня аргкамітэту стварэння БХД Аляксей Шэін. На ягоную думку, “сёння незалежнасць дзяржавы не разглядаецца ўладамі як фундаментальная каштоўнасць, на якую трэба абапірацца”.

25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР, прынятай 27 ліпеня 1990 года, надалі статус канстытуцыйнага закону.

belsat.eu

Стужка навінаў