МУС: У турме ёсць усе ўмовы для рэабілітацыі Бандарэнкі


Дэпартамент выканання пакаранняў выступіў з афіцыйнаю заявай аб стане здароўя Змітра Бандарэнкі.

Учора, 26 ліпеня, ён перанёс складаную аперацыю ў 5-й клінічнай бальніцы Менску. Пасля затрымання ў снежні мінулага года і знаходжання пад вартай у Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя хваробы. У траўні яго аглядаў неўролаг, які заявіў, што зняволенаму патрэбная аперацыя. “У яго чатыры грыжы дыскаў храбетніка, зашчэмленыя тры спіннамагзавыя нервы,” – паведаміла жонка палітыка Вольга.

Год таму Зміцер Бандарэнка ляжаў у 5-й лякарні Менску, дзе яму збіраліся зрабіць аперацыю з-за грыжы дыску, якая прывяла да частковага парэзу нагі. Ён прайшоў курс блакадаў (абязбольвання) і лячэння. Пры выпісцы лекары сказалі, што ёсць надзея на поўнае аднаўленне нагі, але трэба прайсці некалькі шпіталізацыяў, курсаў блакадаў і фізіятэрапіі. Усе дактары папярэджвалі, што калі раптам узнікнуць праблемы функцыянавання органаў малога лагва або калі праз 8–9 месяцаў рэфлексы нагі не адновяцца, то трэба звяртацца да нейрахірургаў і рабіць аперацыю, нагадвае жонка палітвязня.

Напярэдадні арышту Зміцер Бандарэнка збіраўся аформіць інваліднасць. Але трапіўшы ў СІЗА, атрымаў адмову ў кансультацыі з неўролагам. Калі стан пагоршыўся, паставілі перад фактам: або пагаджаешся на аперацыю, альбо адпраўляем у СІЗА. Пра гэта палітык напісаў у лісце да сваёй жонкі Вольгі.

Аперацыя Змітра выклікала шырокі розгалас у грамадстве. Правабаронцы разам са сваякамі падрыхтавалі шэраг дакументаў, якія абскарджваюць дзеянні медыкаў і міліцыі. Шмат людзей выйшлі да шпіталя, каб падтрымаць каардынатара “Еўрапейскай Беларусі”.

Юрыст і праваабаронца Гары Паганяла паведаміў “Белсату”, што медыкі абавязаныя паведаміць сваякам інфармацыю пра стан здароўя Бандарэнкі. “У пытанні рэабілітацыі ды ўтойвання дыягназу сваякі могуць у судовым парадку абскардзіць супольныя дзеянні медыкаў і міліцыянтаў. Калі чалавек знаходзіцца ў такім цяжкім стане, трэба наогул ставіць пытанне пра змяненне меры стрымання”, – лічыць ён.

На меркаванне эксперта, МУС імкнецца схаваць усю інфармацыю аб стане палітыка, каб не было розгаласу ў грамадстве, каб ніхто не даведаўся, якія насамрэч умовы ўтрымання зняволеных у беларускіх турмах.

Дэпартамент выканання пакаранняў выступіў з афіцыйнаю заяваю з гэтай нагоды. У ёй гаворыцца, што аперацыю зрабілі належным чынам, пацыент пачуваецца добра. Таксама адзначаецца, што далейшая рэабілітацыя пройдзе ў турме. “Мы маем усе ўмовы для гэтага, – напісана ў звароце. – Бандарэнка як атрымліваў належную медычную дапамогу, гэтак і будзе атрымліваць”.

МУС сцвярджае, што ніхто не прымушаў палітыка ісці на аперацыю. “Гэта было ягонае добраахвотнае рашэнне, пра што сведчыць заява, напісаная ягонаю рукою”, – адзначаецца ў дакуменце дэпартаменту.

Сваякі настойваюць на ўмяшальніцтве ў справу грамадскасці ды незалежных экспертаў. І турэмныя ўмовы лічаць непрымальнымі для рэабілітацыі пасля такой складанай аперацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў